Кіраўнікі ўрадаў чатырох нямецкіх земляў зьвярнуліся да чальцоў Кангрэсу ЗША з просьбай заблякаваць пляны вываду амэрыканскіх войскаў зь Нямеччыны. Пра гэта сьведчаць лісты, зь якімі азнаёміліся ў Reuters у нядзелю.
У чэрвені прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што мае намер скараціць колькасьць амэрыканскага вайсковага кантынгенту ў Нямеччыне на 9500 чалавек, давёўшы яе да 25 тысяч. Трамп заявіў, што саюзьнік па NATO не выконвае мэтавыя паказчыкі альянсу па выдатках на абарону, і абвінаваціў Нямеччыну ў тым, што яна эксплюатуе ЗША ў гандлі.
Кіраўнікі ўрадаў чатырох паўднёвых земляў, дзе разьмешчаныя амэрыканскія вайсковыя базы, адрасавалі лісты 13 амэрыканскім заканадаўцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцаў ЗША перакінуць бліжэй да беларускіх межаў«Мы просім вас падтрымаць нас, у той час як мы спрабуем не абарваць сяброўскія повязі, а ўмацаваць іх і абараніць прысутнасьць ЗША ў Нямеччыне і Эўропе ў будучыні», — напісалі прэм’ер-міністры Баварыі, Гесэна, Бадэн-Вюртэмбэргу і Рэйнлянд-Пфальца.
Прадстаўнік амбасады ЗША ў Бэрліне адмовіўся ад камэнтароў. У чэрвені Вашынгтон заяўляў, што гэты крок «узмоцніць стрымліваньне Расеі, умацуе NATO і падбадзёрыць саюзьнікаў».
Аднак кіраўнікі ўрадаў лічаць, што амэрыканскія войскі, разьмешчаныя на іхніх землях, «зьяўляюцца стрыжнем амэрыканскай прысутнасьці ў Эўропе і вызначаюць здольнасьць NATO да дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША: мы лічым Расею сур'ёзнай пагрозай