У Кіеве адкрылі помнік Паўлу Шарамету. ФОТА

Цырымонія адкрыцьця помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве

У чацьвёртую гадавіну гібелі Паўла Шарамета ў Кіеве паставілі помнік украінскаму і беларускаму журналісту, які загінуў пасьля выбуху ягонай машыны.

У Кіеве непадалёк ад будынка, дзе жыў беларускі журналіст Павал Шарамет, і ад месца ягонай гібелі ў 2016 годзе, паставілі помнік у выглядзе зьмятага белага аркуша паперы, на якім напісана імя «Павал Шарамет».

Як паведаміла галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Українська правда» Сяўгіль Мусаева, аўтарам мэмарыялу стаў вядомы ўкраінскі скульптар Назар Білык. Ідэю паставіць помнік Паўлу Шарамету падтрымаў асабіста мэр Кіева Віталь Клічко.

«Прайшло чатыры гады, і цяпер ёсьць падазраваныя. Але ёсьць і пэўныя сумневы. Не гавораць пра заказчыкаў гэтага палітычнага забойства, няма і іншай інфармацыі — чаму забілі менавіта Паўла і менавіта ў той час», — сказала журналістам пасьля адкрыцьця помніка Сяўгіль Мусаева.

Яна перакананая, што забойства Паўла Шарамета арганізавалі, каб запужаць журналістаў:

«Гэта зрабілі, каб усе людзі баяліся. Паказальна, сярод белага дня, у цэнтры гораду, на месцы, дзе заўсёды шмат машын».

«У нас былі вялікія спадзяваньні, што праз чатыры гады мы будзем ведаць, хто заказаў і ажыцьцявіў забойства. Але, на жаль, цуду не адбылося. І праз чатыры гады справа палітызаваная, і зразумець, хто гэта зрабіў, немагчыма», — дадала Сеўгіль Мусаева.

***

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойства Шарамета: паліцыя абвінавачвае падазраваных і іх адвакатаў у зацягваньні працэсу

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году. На брыфінг, арганізаваны Нацыянальнай паліцыяй Украіны, былі запрошаныя прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў і тагачасны генэральны пракурор Руслан Рабашапка, што выклікала моцную крытыку з боку экспэртаў і СМІ.

На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх трох падазраваных затрымалі. Гэта вайсковец сіл спэцапэрацый Андрэй Антоненка як арганізатар, валянтэрка і дзіцячы кардыяхірург Юлія Кузьменка як выканаўца і вайсковая мэдсястра Яна Дугар як памагатая.

22 траўня стала вядома, што сьледзтва перагледзела ролю дваіх падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. У прыватнасьці, Андрэй Антоненка ўжо ня лічыцца арганізатарам гэтага злачынства. Паводле сьледчых, Юлія Кузьменка заклала пад аўтамабіль выбуховую прыладу, хоць раней яна падазравалася яшчэ і ў выкананьні забойства. Роля Яны Дугар засталася такая, як і раней — яна нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэраў вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледзтва перагледзела ролю падазраваных у забойстве Шарамета: цяпер арганізатары не называюцца

У новым тэксьце падазрэньня зьмянілі і матывы іхнага злачынства — цяпер ужо не акцэнтуюць увагу на захапленьні «ўльтранацыяналістычнымі ідэямі» і «культываваньні велічнасьці арыйскай расы». Апроч таго, усім траім дадаткова інкрымінуюць незаконны выраб выбухоўкі і зьнішчэньне маёмасьці (аўтамабіля).

Сьледчыя абвясьцілі аб завяршэньні дасудовага расьсьледаваньня справы і перадалі яе матэрыялы на азнаямленьне падазраваным і іхным адвакатам. Пасьля гэтага справу перададуць у суд. У той жа час паліцыя паведаміла, што расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета на гэтым не завершана і будзе працягвацца, каб знайсьці іншых удзельнікаў злачынства і яго замоўнікаў.