Актор Анатоль Кот раіць усім міліцыянтам, байцам АМАПу, вайскоўцам уважліва перачытаць прысягу. На яго думку, генэралу, які аддае ганебныя загады хапаць людзей, ёсьць што губляць — грошы, уладу. «Але вельмі баюся, каб хлопцы ў пагонах не акрапілі сябе крывёй суграмадзян, каб потым не было позна. Бо яны столькі гарэлкі ня вып’юць, каб заглушыць рэшткі сумленьня ці боль у сэрцы».
Зьехаў зь Беларусі, бо забаранілі здымацца ў кіно
Беларускі і расейскі актор Анатоль Кот з 2004 году жыве ў Маскве, але застаецца грамадзянінам Беларусі — кажа, што сьвядома не мяняў беларускага грамадзянства.
У 1990-х удзельнічаў у спэктаклях Тэатру лялек, Менскага моладзевага тэатру, Тэатру-студыі кінаактора, «Вольнай сцэны». З 2004 году — у расейскім тэатры Армэна Джыгарханяна. Кажа, паехаў зь Беларусі, бо забаранілі здымацца ў кіно.
«Тады яшчэ ня ведаў, што за выказваньне сваіх думак перасьледуюць. Тэлефануе рэжысэр: „Мне не даюць дазволу цябе здымаць. Забараняюць. Зь Мінкульту патэлефанавалі дырэктару, ён мне загадаў ня браць цябе на ролю“. Я пытаюся: „А папера ёсьць?“ — „Толя, якая паперка? Ты ж усё разумееш“.
Вось існуе хадавая думка, што чалавек, які працуе ў дзяржаўнай структуры, ня можа выказваць сваю думку. Той жа актор працуе ў тэатры. І што — ён ня мае права выказваць свае думкі? Яму чыноўнік, дырэктар плаціць са сваёй кішэні? Не, з падаткаў. Гэта грошы народа. Чыноўнік з падаткаў разьмяркоўвае заробак і яшчэ дыктуе, што мне можна казаць, а што — не? Вось і зьехаў», — эмацыйна разважае Анатоль.
У 1998 годзе актор зьехаў у Нямеччыну. Некалькі гадоў працаваў там. Вярнуўся. Сыграў ролю князя Ўладзімера Друцкага ў «Анастасіі Слуцкай». На пачатку 2000-х у Менску здымаўся ў расейскім сэрыяле «Каменская». Расейскі калега Станіслаў Дужнікаў пазнаёміў Анатоля з Армэнам Джыгарханянам, які запрасіў маладога беларускага актора ў свой тэатар.
Анатоль Кот шмат здымаецца ў кіно. У 2012 годзе зьняўся ў ролі вайсковага генэрала ў фільме «Жыве Беларусь!» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча, часткова заснаваным на вайсковых дзёньніках журналіста Францішка Вячоркі, які стаў суаўтарам сцэнару.
Актор уважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Кажа, што «накіпела», і сам выказаў жаданьне выступіць са зваротам да людзей у пагонах — міліцыянтаў, вайскоўцаў, байцоў АМАПу.
«Я пачытаў думкі маіх беларускіх калег-актораў пра тое, што тут адбываецца, у прыватнасьці Алега Гарбуза. І мне вельмі хочацца самому выказацца. Найперш сказаць велічэзны дзякуй усім, хто верыць у лепшую будучыню Беларусі, хто выходзіць на вуліцы. Я па-іншаму ніяк не магу падтрымаць іх, бо жыву ў іншай краіне.
Некалі вядомы расейскі актор Яўгеній Еўсьцігнееў сказаў: „Артыстаў, якія кінуліся ў палітыку, увогуле зразумець не магу. Наша прафэсія дазваляе са сцэны ці экрана сказаць нашмат больш і, галоўнае, больш пранікнёна, чым з трыбун“.
Я, у прынцыпе, прытрымліваюся такой жа думкі. Але вельмі баюся, каб хлопцы ў пагонах не акрапілі сябе крывёй суграмадзян, каб потым не было позна», — так тлумачыць сваё памкненьне выказацца Анатоль Кот.
«Я ведаю, як вас дрэсуюць, каб разганяць натоўп. Але перачытайце, калі ласка, прысягу»
Актор кажа, што спрабаваў прачытаць тлумачэньні генэрала Івана Кубракова, начальніка менскай міліцыі, які апраўдваў дзеяньні сваіх падначаленых, калі тыя затрымалі толькі за адзін дзень 14 ліпеня больш за 200 мірных грамадзян. Прызнаецца, што ня здолеў дачытаць да канца.
«Гэты генэрал-маёр міліцыі нёс такую лухту: нібыта людзі, якія выстраіліся ў ланцужок на ходніку і пляскалі ў ладкі, тым самым перашкаджалі руху і правакавалі аўтамабілістаў падаваць сыгналы! І гэта кажа чалавек у пагонах! І яму ня сорамна такое несьці?
У мяне два браты — кадравыя вайскоўцы. Я ведаю, што такое форма, пагоны, афіцэрскія гонар і годнасьць не па чутках, не з пагалосак. Хочацца зьвярнуцца да маладых хлопцаў. Перачытайце ўважліва прысягу!»
Анатоль удакладняе, што ў вайскоўцаў і міліцыянтаў прысягі крыху розьняцца. У вайскоўцаў самы першы радок пасьля імя і прозьвішча — «Урачыста клянуся быць адданым свайму народу, сьвята выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь».
А ў прысязе супрацоўнікаў МУС пасьля слоў «сьвята выконваць Канстытуцыю і законы» першы радок — «не шкадуючы свайго жыцьця, абараняць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадзтва, дзяржавы».
«У абедзьвюх прысягах ключавыя словы — народ, грамадзяне. І міліцыя, і вайскоўцы абавязаныя абараняць правы народу, грамадзян!
А па-вашаму абараніць правы народу — гэта скруціць моладзь, якая пляскае ў ладкі, ці закінуць раварыста разам з роварам у аўтазак? Альбо хапаць людзей з чаргі ў ЦВК? Майго кандыдата зьнялі, я пайшоў падаць скаргу, а мяне яшчэ пабілі? За мае падаткі мяне яшчэ і нявечаць? Сілавыя структуры ж „кормяцца“ зь бюджэту. Як, дарэчы, і сфэра культуры, акторы.
У мяне адабралі магчымасьць прагаласаваць, магчымасьць паскардзіцца. І высьвятляецца, што я яшчэ парушыў закон! А потым мяне яшчэ аштрафуюць ці пасадзяць на 15 сутак. У мяне ў галаве не ўкладаецца: за што?» — кажа Анатоль Кот.
Таму актор зьвяртаецца да ўсіх людзей у пагонах, якіх, «мяркуючы з апошніх заяў дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова, будуць выкарыстоўваць „для прадухіленьня масавых беспарадкаў“».
«Хочацца зьвярнуцца да гэтых хлопцаў: Нельга быць ланцужнымі сабакамі на прывязі. Каму вы служыце? Чалавеку, у якога рукі па локаць у крыві? Будзьце хаця б людзьмі, якія думаюць. Падумайце, што вы робіце, уключыце мозг, а ня сілу! Насупраць вас можа быць сусед, сын сябра, проста мінак. Ён думае інакш. І за гэта яму трэба прабіваць галаву і ламаць нос? Калі выхоплівае людзей з натоўпу чалавек у цывільным адзеньні, ён хто — ланцужны сабака?
Ну нават калі і супраціўляліся пацаны. А як інакш? Яны ў двары вырасьлі. Вядома, супраціўляюцца, калі іх хапаюць.
Я ведаю, як вас дрэсуюць, муштруюць, як разганяць натоўп. Але перачытайце, калі ласка, прысягу. Служы́це народу», — заклікае міліцыянтаў Анатоль Кот.
«Вы ж столькі гарэлкі ня вып’еце, каб заглушыць рэшткі сумленьня»
Актор прызнаецца, што ў тэатры і кіно сыграў шмат падлюк і нягоднікаў. І заўсёды, уваходзячы ў ролю, шукае апраўданьня, чаму чалавек так зрабіў.
«Адна справа — іграць ролю нягодніка, а другая — быць падлюкам у жыцьці. І цяпер, разважаючы пра жорсткасьць міліцыі, АМАПу, шукаю апраўданьня — чаму яны так робяць?
Тут два варыянты: альбо грошы, альбо сьвятая вера. Але пра веру тут гаворка не ідзе — усе ж бачаць, як Лукашэнка чапляецца пасінелымі пальцамі за ўладу ўжо больш за 20 гадоў. Значыць, грошы.
Лукашэнку ёсьць што губляць. Генэрал-маёру таксама ёсьць што губляць — грошы, уладу. А вы што будзеце рабіць? Вам жыць тут. Галаву ўключыце, падумайце крыху галавой.
Вы ж столькі гарэлкі ня вып’еце, каб заглушыць рэшткі сумленьня ці боль у сэрцы, а яно будзе балець! Як вы з гэтым будзеце жыць — вы чалавека зьнявечылі ці, ня дай Бог, забілі», — кажа Анатоль Кот.
Ён раіць міліцыянту ўспомніць сваіх дзяцей — што ім ён раскажа пасьля працы?
«Вось прыходзіць амапавец дадому са службы, дзіця пытаецца: „Тата, а што ты рабіў на працы, дзе служыў свайму народу?“ А бацька адказвае: „Сынок, дзясятак затрымаў, аднаму нос зламаў, другому нагу. А яшчэ чалавек на ровары праяжджаў, я яго схапіў і кінуў у аўтазак“. Дзіця спытае: „А за што?“ Бацька адкажа: „Ён стаяў на вуліцы і пляскаў у ладкі“. „А што, я не магу пляскаць у ладкі?“ — зьдзівіцца сын. „Можаш, сынок, але цябе могуць зьнявечыць за гэта“, — адкажа бацька».
«На чале дзяржавы стаіць дэмагог, палітрук»
На думку Анатоля Ката, у Беларусі толькі адзін чалавек нагнятае абстаноўку, у кожным сваім выступе гаворыць пра плошчу, пра Майдан, пра вонкавых і ўнутраных ворагаў. А днямі яшчэ дзяржсакратар Рады бясьпекі генэрал Андрэй Раўкоў нагадаў, што ўсе рэвалюцыі пачыналіся з плошчаў — у Эгіпце, Сырыі, ва Ўкраіне.
«Рэвалюцыі пачынаюцца ня з плошчы, а з такіх генэралаў, якія даюць злачынныя загады, служаць крываваму монстру, але ж потым самі ня могуць адмыцца. Вось з чаго рэвалюцыі пачынаюцца — з такіх загадаў, якія генэралы даюць пацанам. А пацанам з гэтым жыць. А гэты малады хлопец, які выконвае злачынны загад хапаць людзей, нічога больш ня ўмее. Ён вырас, адслужыў у войску і пайшоў у міліцыю. Ён умее толькі разганяць мірных людзей і закідваць у аўтазак разумнага, адукаванага айцішніка, які наладзіў яму кампутар. Але нельга разьвязваць грамадзянскую вайну», — перакананы Анатоль Кот.
Пра беларусаў кажуць, што яны вельмі памяркоўныя, талерантныя і цярплівыя, 26 гадоў жывуць з адным прэзыдэнтам. Што ім рабіць далей? Анатоль Кот кажа, што ня мае права заклікаць народ, штурхаць кагосьці на рашучыя ўчынкі. Ён выступае толькі за мірныя перамены, кажа, што толькі законна, мірна трэба дамагацца зьмены ўлады.
«Моладзь, якая нарадзілася ў 1990-х, вырасла, стала на ногі і хоча іншага жыцьця. Вырасла пакаленьне, якое мае права голасу. Але яго гэтага права пазбаўляюць. Вырасла новае пакаленьне свабодных, нармальных, адукаваных людзей. Я не кажу, што мая мама ненармальная, але раней яна сьвята верыла, што „кіраўнік дзяржавы чагосьці ня ведае, ён не разумее, яму ня так дакладаюць, а ён хоча як лепш“.
Я тлумачу: ён проста дэмагог і палітрук! І сваю кішэню набівае. Палітрукоў у войску ніколі не любілі.
Лукашэнку ёсьць што страчваць. Правільна сказаў мой калега Алег Гарбуз: „Адпусьціце яго, няхай адлятае“. Таму зноў зьвяртаюся да адданых яму сілавікоў: можна быць сумленным афіцэрам, салдатам, адданым Радзіме і народу. Нельга быць сабакам і разьвязваць грамадзянскую вайну.
Вы што будзеце рабіць? Як вы будзеце з гэтым жыць? Галаву ўключыце, падумайце крыху галавой», — заклікаў Анатоль Кот.
***
Анатоль Кот — беларускі і расейскі актор тэатру і кіно. У 1990-х удзельнічаў у спэктаклях Тэатру лялек, Менскага моладзевага тэатру, Тэатру-студыі кінаактора, «Вольнай сцэны». Працаваў у Нямеччыне. З 2004 году — у расейскім тэатры Армэна Джыгарханяна.
Здымаўся ў фільмах «Анастасія Слуцкая», «Акупацыя (Містэрыі)», «Тутэйшыя», «Берасьцейская крэпасьць», «У жніўні 44-га», «Жыве Беларусь» ды іншых.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.