Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, бізнэсовец і палітвязень Сяргей Скрабец шукае працу.
«Сябры, шукаю працу кіроўцам. Стаж 30 гадоў. Машына ёсьць. Раней засвоіў прафэсіі грузчыка, кладаўшчыка, вахтара. Адукацыя вышэйшая (інжынэр, юрыст). Заробак 1000 рублёў», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скрабец пачаў агітацыю за сябе як кандыдата на прэзыдэнта. ЦВК: гэта законнаСяргей Скрабец у камэнтары для Свабоды адзначыў, што ўжо 15 гадоў ня можа ўладкавацца на працу як дыплямаваны спэцыяліст. Прычына — «палітычнае мінулае».
«Апошні пасьля дэпутацкага запіс у працоўнай кніжцы — кладаўшчык. Але перад сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніяй папрасілі сысьці, бо кантора дзяржаўная, непрыемнасьці ім не патрэбны», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ўспаміналі Валерыя Фралова — генэрала і дэпутатаСяргею Скрабцу 56 гадоў, нарадзіўся ў Лідзе. У канцы 1990-х узначаліў гандлёвы дом «Бел-Бабаеўскае». Быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Уваходзіў у склад адзінай за ўсю гісторыю ніжняй палаты апазыцыйнай групы «Рэспубліка» разам з генэралам Валерыем Фраловым і алімпійскім чэмпіёнам Уладзімерам Парфяновічам.
Летам 2004 году правёў галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за вызваленьне палітвязьня, міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча.
Актыўнасьць на чале «Рэспублікі» скончылася судом: быў асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня паводле эканамічных артыкулаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-дэпутат Скрабец напісаў кнігу пра свой палітычны і турэмны досьведДвойчы спрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты, але ня быў зарэгістраваны. У 2001 годзе подпісы за яго прызналі несапраўднымі, а ў 2006-м знаходзіўся ў СІЗА і адтуль падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты і будучага вязьня Аляксандра Казуліна.
Былі пляны і на сёлетнюю кампанію, але з пэўных прычынаў давялося адмовіцца.
«Дый сваё ўжо адседзеў, хай паспрабуюць іншыя. Віктар Бабарыка таксама не дапускаў, што можна сесьці ні за што, і вось што атрымалася», — кажа Скрабец.
Сяргей Скрабец ня верыць у перамены пасьля выбараў 9 жніўня. Кажа, што занадта шмат людзей у атачэньні дзейнага кіраўніка «трасуцца» за свае месцы, а таму зробяць усё, каб выбары адбыліся паводле «патрэбнага сцэнару, ухваленага гаспадаром».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію імя Францішка Аляхновіча атрымалі Сяргей Скрабец і Алесь Пушкін«Хто сапраўды гэтага хацеў, той уладу ў сваіх краінах памяняў. Значыць, градус кіпеньня беларусаў яшчэ не крытычны. Магчыма, трэба яшчэ пачакаць», — мяркуе Сяргей Скрабец.
Летась была прэзэнтаваная аўтабіяграфічная кніга Скрабца, напісаная за кратамі, пад назвай «Кошт свабоды, ці Спавядальнасьць апазыцыйнага палітыка». За гэты твор Сяргея Скрабца ўганаравалі прэміяй ПЭН-Цэнтру і Радыё Свабода імя Францішка Аляхновіча.