Рэкордная колькасьць новых выпадкаў COVID-19 — 77 000 — выявілі ў ЗША 16 ліпеня. Каля 1000 чалавек загінулі за гэты дзень.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Флорыдзе, Паўднёвай Караліне і Тэхасе была самая вялікая колькасьць выпадкаў за адзін дзень.
Усяго ў Злучаных Штатах зафіксавалі каля 3,6 мільёна выпадкаў COVID-19. Памерлі 138 тысяч чалавек.
Службы аховы здароўя ЗША папярэджваюць, што колькасьць новых выпадкаў неўзабаве можа дасягнуць 100 000 штодзень. У той жа час нашэньне маскі зьяўляецца абавязковым у палове штатаў.
Паводле Цэнтру сыстэмных дасьледаваньняў унівэрсытэту Джонза Гопкінза, ва ўсім сьвеце было выяўлена больш за 13,8 мільёна выпадкаў COVID-19. Ускладненьні, выкліканыя хваробай, забралі жыцьцё 589 911 чалавек. Паправіліся больш за 7,7 мільёна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.