«Нам патрэбны час на такое рашэньне», — Дзьмітрыеў і Чэрачань пра аб’яднаньне са штабамі Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы

Сяргей Чэрачань і Андрэй Дзьмітрыеў

Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай паведамілі пра аб’яднаньне 16 ліпеня.

Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Чэрачань пакуль думаюць, ці далучацца да штабоў Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якія аб’ядналіся. Дзьмітрыеў кажа, што трэба выкарыстаць усе магчымасьці для агітацыі, Чэрачань узважвае ўсе «за» і «супраць».

Штабы Бабарыкі і Цапкалы вырашылі аб’яднаць высілкі з зарэгістраванай кандыдаткай на прэзыдэнта Сьвятланай Ціханоўскай. Кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Чэрачань пакуль думаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай аб’ядналі сілы — заклікалі галасаваць і назіраць за выбарамі

Андрэй Дзьмітрыеў у камэнтары Свабодзе заявіў, што ўсе пяць пунктаў, па якіх тры каманды будуць працаваць разам, ягоны штаб цалкам падзяляе.

«Я іх агучыў падчас сваёй прамовы ў ЦВК, таму пойдзем адзіным фронтам. Але я лічу, што трэба скарыстаць усе магчымасьці і змагацца за людзей. Таму Сьвятлана, як і я, як і іншыя кандыдаты, мае магчымасьць яшчэ выступіць па тэлебачаньні, агітаваць. Я сёньня правёў свой першы пікет у сажалцы, паказваючы, што гэта ня выбары, а кампанія салідарнасьці, кампанія змаганьня за тое, каб у Беларусі зьявіўся новы прэзыдэнт. Усе базавыя пункты мы падзяляем. Аб’яднанымі трэба быць у нашых мэтах і ў нашым жаданьні, каб у Беларусі зьявілася новая ўлада», — кажа Андрэй Дзьмітрыеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Дзьмітрыеў адказаў на пытаньні Свабоды. ВІДЭА

Ну, а як будзе дзейнічаць штаб Дзьмітрыева далей — пакажа час. Бо тут нават нельга прагназаваць, колькі праз тыдзень будзе кандыдатаў.

«Я нагадаю, што ЦВК можа і здымаць кандыдатаў. Таму я цалкам падтрымліваю Сьвятлану ў яе барацьбе за мужа. Гатовы дапамагаць усім, чым магу. Буду рухацца разам, у адным кірунку. Але кампанію пакуль працягваем. Я лічу, што Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт, і буду дамагацца гэтага ўсімі сіламі», — паўтарыў Андрэй Дзьмітрыеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня будзем вынаходзіць ровар». Як кандыдаты ў прэзыдэнты будуць весьці агітацыйныя кампаніі

Яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты, Сяргей Чэрачань, сказаў Свабодзе, што ягоны штаб прысутнічаў на ўсіх перамовах, і цяпер яны абмяркоўваюць гэтую сытуацыю.

«Магу пакуль сказаць, што гэта добрая тэндэнцыя. Аб’яднаньне — гэта заўсёды ўзмацненьне сваіх пазыцый. Таму ўнутры нашага калектыву мы абмяркоўваем гэтае пытаньне. Мы дастаткова паступальны і дастаткова ўзважаны калектыў. Таму для прыняцьця любога рашэньня нам патрэбны час. Нам неабходна ўзважыць усе „за“ і „супраць“, каб мець разуменьне, як рухацца далей, таму што праца дзеля працы нас не цікавіць. Нас цікавіць канчатковая мэта. І калі канчатковая мэта будзе набліжаная пэўнымі ўзаемадзеяньнямі з правільнымі калектывамі, натуральна, мы будзем разам», — патлумачыў сваю пазыцыю Сяргей Чэрачань.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Чэрачань адказаў на пытаньні Свабоды. ВІДЭА

Яшчэ адна кандыдатка ў прэзыдэнты, Ганна Канапацкая, яшчэ да рэгістрацыі сказала ў размове са Свабодай, што ня будзе здымаць сваю кандыдатуру з выбараў на нечую карысьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая: «Толькі два сур’ёзныя палітыкі ўдзельнічаюць у сёлетняй кампаніі — я і Лукашэнка»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.