Уначы з 15 на 16 ліпеня беларускія сыстэмныя адміністратары заўважылі праблемы з доступам да шэрагу сэрвісаў віртуальнай прыватнай сеткі VPN. Раней паведамлялася аб праблемах з Telegram і Viber. Разьбіраемся, што адбылося.
Беларускі ІТ-спэцыяліст Павал Селіцкас зьвярнуў увагу на праблемы з доступам да сэрвісаў, якія працуюць паводле тэхналёгіі VPN. Гэта сетка паўзьверх інтэрнэту, у якой амаль немагчыма адсачыць дзеяньні карыстальніка. Фізычна ён можа быць у Беларусі, а злучэньне праходзіць празь іншую краіну. VPN выкарыстоўваецца як дзеля прыватнасьці, так і дзеля таго, каб абыходзіць блякаваньне рэсурсаў.
Паводле яго, уначы цягам прыкладна гадзіны з доступам да VPN адбывалася нешта дзіўнае. Па адных пратаколах былі заўважныя парушэньні працы, па іншых такіх парушэньняў не было. Ён дапусьціў, што гэта мог быць тэст блякаваньня VPN.
Раней, у ноч на 19 чэрвеня, назіраліся праблемы з доступам да Telegram і Viber. Няўжо тэставалі блякаваньне?
Нацыянальны цэнтар абмену трафікам: «Аварый не было, кліенты ня скардзіліся»
Нацыянальны цэнтар абмену трафікам займаецца пропускам міжнароднага трафіку, крыптаграфічнай абаронай інфармацыі і пропускам трафіку па Беларусі. Дырэктар цэнтру Ігар Аўдзееў паведаміў, што «аварый на тэрыторыі Беларусі не было».
«Былі аварыі ў партнэраў у Расеі, там яшчэ ня ўсё адрамантавана, быў абрыў таксама ў Польшчы. Як гэта магло паўплываць на доступ — не зразумела. Мне не дакладвалі, бо крытычных момантаў не было, каб якасьць паслуг пагоршылася», — кажа Ігар Аўдзееў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры пагрозе нацыянальнай бясьпецы МУС можа блякаваць інтэрнэтЁн дадае, што плянавыя працы адбываюцца ўначы, каб менш перашкаджаць карыстальнікам.
Па інфармацыі Свабоды з дасьведчаных крыніц, праблема з доступам да некаторых сэрвісаў уначы магла быць зьвязаная ня з тэстам блякаваньня, а з тэхнічнымі прычынамі. Пры гэтым праблемы назіраліся толькі ў Нацыянальным цэнтры абмену трафікам. У апэратара «Белтэлекам» такіх праблем не было.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты