Увечары 15 ліпеня Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што накіравала запрашэньні на выбары міжнародным назіральнікам. Раней БДІПЧ АБСЭ заявіла, што ня будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі, бо яе своечасова не запрасілі.
«Рашэньне БДІПЧ стала для нас нечаканасьцю, якая расчаравала. Шчыра спадзяёмся, што яно будзе перагледжана. Бо сёньня, дакладна ў дзень пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, у поўнай адпаведнасьці з раней зробленымі публічнымі заявамі МЗС накіравала запрашэньні на выбары на адрас Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — паведаміў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Ён дадаў, што Беларусь «ні на крок не адступае ад сваіх запэўненьняў і абавязаньняў» і «ніколі не праводзіла выбары без назіраньня», а назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ першапачаткова «мелі цьвёрды намер запрасіць» пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, пра што «неаднаразова гаварылася публічна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнікаў ад АБСЭ на выбарах у Беларусі ня будзе, бо іх не запрасіліПаводле яго, найбліжэйшымі днямі Нацыянальны сход таксама накіруе запрашэньні на адрас парлямэнцкіх структур, такіх як Парлямэнцкі сход саюзу Беларусі і Расеі, Міжпарлямэнцкая асамблея СНД, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ і Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы.
15 ліпеня дырэктарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Інгіб’ёрг Соўлрун Гістлятоўхтыр паінфармавала МЗС Беларусі, што адсутнасьць запрашэньня не дазваляе БДІПЧ арганізаваць назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі.
7 ліпеня Парлямэнцкая асамблея АБСЭ паведаміла, што ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма плянаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнікі ПА АБСЭ не прыедуць на прэзыдэнцкія выбары ў БеларусіПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.