Прэзыдэнт Літвы склікае Дзяржаўную раду абароны ў сувязі з пагрозай БелАЭС

Гітанас Наўседа

Гітанас Наўседа склікае ў чацьвер пасяджэньне Дзяржаўнай рады абароны (ДРА) у сувязі з надыходзячым запускам Беларускай АЭС у Астраўцы, паведамляе Інтэрфакс.

Раду склікаюць, каб даць ацэнку гатоўнасьці Літвы абараніць насельніцтва і навакольнае асяродзьдзе ў сувязі з уводам у эксплёатацыю БелАЭС. На пасяджэньні Рады будзе абмяркоўвацца гатоўнасьць ураду і іншых органаў улады рэагаваць на пагрозы, якія зыходзяць ад БелАЭС, паведамляе прэзыдэнцкае ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар энэргетыкі пра пуск БелАЭС: «Давайце ня будзем сьпяшацца»

«Нягледзячы на парушэньні міжнародных патрабаваньняў у галіне ядзернай бясьпекі і прыродааховы, у парушэньне міжнародных канвэнцый, не правёўшы ў жыцьцё рэкамэндацыі па стрэс-тэстах, Беларусь дэкляруе пляны пачаць у найбліжэйшы час дзейнасьць атамнай станцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Рада таксама абмяркуе важнасьць паскарэньня сынхранізацыі балтыйскіх дзяржаў і рэалізацыі неабходных мер абароны ад пагроз, што зыходзяць ад небясьпечных атамных станцый трэціх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія раскрытыкавала стаўленьне Літвы да імпарту электраэнэргіі зь Беларусі

Літва заканадаўча прызнала пагрозу ад БелАЭС для сваёй нацыянальнай бяспекі. Літва зьяўляецца самым актыўным крытыкам БелАЭС, якая пабудаваная непадалёк ад літоўска-беларускай мяжы. Менск адкідае прэтэнзіі Вільні аб невыкананьні патрабаваньняў бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы напісаў твіт па-беларуску пра Астравецкую АЭС