Эстонскі чыноўнік раскрытыкаваў Літву за меркаваную непасьлядоўнасьць, заявіўшы, што «цяжка пасьпяваць» за зьменлівымі пазыцыямі Вільні адносна імпарту энэргіі зь Беларусі, піша lrt.lt
У заяве, апублікаванай ERR News, намесьнік генэральнага сакратара Эстоніі ў справах энэргетыкі Тыма Татар сказаў, што «некалькі гадоў таму» Літва «спрабавала пераканаць Эстонію і Латвію ў тым, што падтрымка прыярытэтнага гандлёвага калідору (200 МВт) паміж Беларусьсю і Літвой была абсалютна неабходнаю для бясьпекі паставак».
Аднак апошнія некалькі гадоў Літва спрабуе згуртаваць Эстонію і Латвію для байкоту беларускага імпарту электраэнэргіі з Астравецкай АЭС.
На мінулым тыдні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа праігнараваў штогадовую сустрэчу лідэраў краін Балтыі з прычыны немагчымасьці дамовіцца аб сумеснай пазыцыі. Ён таксама зьвярнуўся ў Эўрапейскую камісію па пасярэдніцтва ў балтыйскай спрэчцы.
Балтыйскія сеткавыя апэратары, паводле Татара, «толькі што падалі заяўку на інвэставаньне ў Эўрапейскую камісію для другога этап праекту сынхранізацыі краін Балтыі», «што робіць гэта самым дрэнным часам для дэманстрацыі нашых рознагалосьсяў перад публікай».
Адзіны спосаб зьмякчыць праблемы бясьпекі на беларускай АЭС — гэта «паскорыць праект сынхранізацыі», дадаў Тата.
- Эстонія, Латвія і Літва рыхтуюцца да пераходу з савецкай электрычнай сеткі BRELL, якая кантралюецца Масквой і ўключае ў сябе Беларусь. Да 2025 году краіны Балтыі павінны злучыцца праз Польшчу з кантынэнтальнай эўрапейскай сеткай.
Між тым, паводле Татара, увядзеньне забароны на беларускі атамны імпарт тэхнічна «надзвычай складанае», паколькі «тэхнічныя патокі залежныя ад законаў фізыкі».
Крытыкі ў Літве кажуць, што будзе цяжка даказаць паходжаньне імпартаванай электраэнэргіі. Нават калі Літва заблякуе гандаль энэргіяй зь Беларусі на яе мяжы, электраэнэргія ўсё ж можа выйсьці на агульны рынак праз Расею.
Тым ня менш міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас кажа, што апэратарам энэргасетак давядзецца ўвесьці працэдуру сэртыфікацыі.
- Літва заяўляе, што Астравецкая атамная электрастанцыя ў Беларусі, разьмешчаная за 50 кілямэтраў ад Вільні, будуецца з парушэньнем міжнародных стандартаў бясьпекі і зьяўляецца інструмэнтам Масквы для аказаньня ціску на краіны Балтыі і Менск.
- Беларусь ўсе абвінавачаньні адхіляе.