Дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Інгіб’ёрг Соўлрун Гістлятоўхтыр паінфармавала МЗС Беларусі аб тым, што адсутнасьць запрашэньня не дазваляе БДІПЧ арганізаваць назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Адсутнасьць своечасовага запрашэньня больш чым праз два месяцы пасьля абвяшчэньня выбараў не дазволіла БДІПЧ АБСЭ назіраць за ключавымі аспэктамі выбарчага працэсу», — сказала дырэктар БДІПЧ Інгіб’ёрг Соўлрун Гістлятоўхтыр. «Да іх адносяцца аспэкты, якія мы адзначалі ў нядаўніх справаздачах аб назіраньнях і якія патрабуюць паляпшэньня ў Беларусі. Гэта фармаваньне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў. Вынік гэтага працэсу паказаў, што ўлады не зрабілі ніякіх крокаў для паляпшэньня іх інклюзіўнасьці».
Пасьля пачатку пандэміі COVID-19, паводле Гістлятоўхтыр, БДІПЧ робіць усё магчымае для выкананьня свайго мандату назіраньня за выбарамі, правяло назіраньне ў некалькіх краінах, паколькі абмежаваньні на паездкі былі зьнятыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу скрытыкаваў нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы
Дырэктарка падкрэсьліў, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня ад Беларусі ў такой складанай сытуацыі сьведчыць пра адсутнасьць прыхільнасьці да супрацоўніцтва з назіральнай місіяй БДІПЧ, як гэта прадугледжана абавязаньнямі краінаў – сяброў АБСЭ.
Інгіб’ёрг Соўлрун Гістлятоўхтыр таксама паўтарыла сваю глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі пра тое, што патэнцыйныя кандыдаты былі запалоханыя, а актывісты апазыцыі арыштаваныя.
«Абарона асноўных свабод — сходаў і выказваньня думак — зьяўляецца папярэдняй умовай для сапраўды дэмакратычных выбараў», — сказала яна.
Дырэктарка БДІПЧ таксама заклікала улады Беларусі зрабіць канкрэтныя і неадкладныя захады для абароны асноўных свабод у краіне.