Эўрадэпутат, былы прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс выказаў салідарнасьць зь беларусамі, якія хочуць пераменаў.
«Сёньняшняе рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі не рэгістраваць Бабарыку і Цапкалу, вядучых кандыдатаў ад апазыцыі, скрала прэзыдэнцкія выбары ў народу Беларусі», — сказаў Андрус Кубілюс у відэазвароце, разьмешчаным у сацсетках.
Тым ня менш, людзей нельга пазбавіць права патрабаваць зьменаў: «Большасьць беларусаў патрабуюць пераменаў, і гэта азначае канец рэжыму Лукашэнкі, які не разумее волі абсалютнай большасьці беларускага народу», — лічыць Кубілюс.
Эўрадэпутат нагадвае, што калі 9 жніўня народ абярэ новае кіраўніцтва, яно зможа арганізаваць свабодныя і дэмакратычныя выбары, а таксама правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі 1994 году.
«Дзеяньні Лукашэнкі і яго рэжыму будуць мець наступствы. Эўрапейскі Зьвяз ня будзе трываць палітвязьняў у Беларусі; не пацерпіць катаваньняў нявінных людзей у турме, якія жадаюць лепшай будучыні для эўрапейскай Беларусі, ня будзе трываць пастаянных перасьледаў і рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ, блогераў, арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадпрымальнікаў, актывістаў і людзей культуры, мастацтва і палітыкі», — заявіў Андрус Кубілюс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьмены палохаюць толькі слабых» — уплывовыя эўрадэпутаты прапанавалі Лукашэнку два сцэнарыЁн завяршыў зварот словамі, што Беларусь, свабодная ад дыктатуры, заслугоўвае лепшай будучыні ў эўрапейскай сям’і, заслугоўвае эўрапейскага шляху пераменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутаты запісалі відэазвароты да беларускага народу, у тым ліку па-беларуску. ВІДЭА
Андрус Кубілюс не ўпершыню выказваецца ў падтрымку дэмакратычных зьменаў у Беларусі і крытыкуе беларускія ўлады. Ён – сябра фракцыі Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце, а ў Літве — вэтэран Саюдзісу, сябра-заснавальнік партыі Зьвяз Айчыны.