Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусьцін лічыць, што Беларусі і Расеі трэба паглыбляць інтэграцыю ў рамках «саюзнай дзяржавы». Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам.
На думку Мішусьціна, раскрыцьцё патэнцыялу саюзнай дамовы «дазволіць сфармаваць якасна новыя ўмовы для эканамічнага ўзаемадзеяньня і ажыцьцяўленьня буйных сумесных праектаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуй за грэчку». Беларускі і расейскі прэмʼеры сазваніліся і дамовіліся працягваць дамаўляццаПры гэтым ён выказаў удзячнасьць прэм’ер-міністру Беларусі за тое, што той ажыцьцявіў свой першы замежны афіцыйны візыт на новай пасадзе менавіта ў Расею.
«Мы бачым у гэтым яшчэ адно важнае пацьверджаньне асаблівага братняга характару расейска-беларускіх адносінаў, узаемнай зацікаўленасьці ў паступальным разьвіцьці нашага супрацоўніцтва, у паглыбленьні інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы», — сказаў Мішусьцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўнае „рукі ўгору“». Сямашка расказаў, як Расея дамагалася паглыбленьня інтэграцыіПра тое, што Беларусь і Расея могуць вярнуцца да абмеркаваньня «дарожных мапаў» паглыбленьня інтэграцыі, раней заявіў беларускі амбасадар у Маскве Ўладзімер Сямашка. Ён паведаміў, што з 30 «дарожных мапаў» 28 узгодненыя цалкам, адна — напалову. Мапа, якая тычыцца адзінага рынку газу і кампэнсацыі падатковага манэўру, «застаецца адкрытай».
Да моманту завяршэньня працы над «дарожнымі мапамі» ня выкананая адна з асноўных умоваў беларускага боку — рэгуляваньне пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, — наракаў дыплямат.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»