Выбарчыя камісіі акрэдытавалі 39 420 нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, сьведчаць зьвесткі на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі. За тыдзень іх стала больш на 5 841 чалавека.
28 716 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 8 602 чалавекі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 5 666, праўладная «Белая Русь» — 4 909, Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3 655, Беларускі саюз жанчын — 3 473, Беларускі фонд міру — 1 501, Беларускі Хэльсынскі камітэт — 48, БНФ «Адраджэньне» — 1. Іншыя грамадзкія аб’яднаньні дэлегавалі 1 646 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра колькасьць назіральнікаў пакуль казаць рана», — якія партыі і арганізацыі накіроўваюць назіральнікаў у камісііАд палітычных партыяў выбарчыя камісіі акрэдытавалі 1 678 нацыянальных назіральнікаў. У Камуністычнай партыі Беларусі 814 прадстаўнікоў, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 593, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 65, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 63, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 62, Беларускай аграрнай партыі — 48, Рэспубліканскай партыі — 21, Беларускай патрыятычнай партыі — 8, партыі БНФ — 2, Беларускай партыі «Зялёныя» — 1, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыхільнікі Бабарыкі сабраліся выставіць на выбары 100 тысяч назіральнікаў. Кампанію назвалі «Всё по чесноку»6 300 грамадзян сталі назіральнікамі шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя, 1 940 акрэдытаваныя ад працоўных калектываў.
На папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе былі акрэдытаваныя 43 572 нацыянальныя назіральнікі, у 2010-м — 39 619.
Назіральнікі ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ пакуль не атрымалі запрашэньня ў Беларусь на выбары. Сваіх прадстаўнікоў гатовыя накіраваць і структуры СНД.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.