Падчас візыту ў Слаўгарадзкі раён 13 ліпеня Аляксандар Лукашэнка наведаў Блакітную крыніцу (таксама вядомую як Сіні калодзеж), што за 4 км на поўнач ад вёскі Дубна. Там ён агучыў чарговы сумнеўны «сродак ад каранавірусу».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Сюды трэба прыяжджаць ад пандэміі лячыцца. Мёду пакаштаваў, акунуўся…» — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба, якая адзначае, што ён заявіў гэта «з доляй гумару».
Даказана эфэктыўных лекаў ад COVID-19, як і вакцыны ад вірусу SARS-CoV-2, па-ранейшаму няма — існуюць толькі экспэрымэнтальныя патэнцыйныя лекі, распрацоўваюцца патэнцыйныя вакцыны.
Лукашэнка ня раз даваў сумнеўныя рэкамэндацыі наконт COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым. Ён таксама неаднаразова разважаў, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».
У ліпені Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі з каранавірусам наогул «справіліся», пра яго «праз тыдзень-два мы забудзем». Пры тым нават паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі выяўляюць па некалькі сотняў новых выпадкаў COVID-19 на дзень.
Пра ягоныя рэкамэндацыі ўжо сьпявалі. Але, каб ён сам быў відэаблогерам, на Youtube яго б заблякавалі. Лукашэнка не карыстаецца маскамі і рэсьпіратарамі на публіцы, не здае тэстаў на каранавірус (як сьцьвярджае ягоная прэс-служба), а таксама працягвае паездкі ў розныя рэгіёны краіны і цісьне рукі шматлікім людзям.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.