Хтосьці не выходзіць з дому празь непагадзь, а нехта працягвае нефармальны карантын. Каб вы не сумавалі і бавілі час цікава і карысна, мы сабралі для вас найлепшыя онлайн-падзеі на тыдні 13-19 ліпеня.
«Літаратары на карантыне» — «Солидарные чтения»
19 ліпеня на ютуб-канале пісьменьніка беларускага паходжаньня Сашы Філіпенкі распачнецца новы праект. У чытаньнях рамана «Бывший сын» возьмуць удзел вядомыя журналісты, грамадзкія і мастацкія дзеячы, сярод якіх Леанід Парфёнаў, Вера Палазкова, Андрэй Макарэвіч, Лявон Вольскі, Юрый Шаўчук і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дубавец чытае Шумскага: Аплявуха палоннага
Вандроўкі па Літаратурным музэі
Музэй гісторыі беларускай літаратуры працягвае цыкль онлайн-актыўнасьцяў. Па-першае, прапануюць наведаць відэаэкскурсію па мэмарыяльным кабінэце Пятра Глебкі.
А таксама паглядзець выступ музыкі Рамана Арлова.
А ў межах выставы «Мова хаты» можна паслухаць казку Уладзіміра Караткевіча «Кацёл з каменьчыкамі».
Праверыць свае веды прапануецца з дапамогай крыжаванкі.
Казка ад швэдзкай амбасады
У новай сэрыі праекту «Швэдзкія казкі беларускім дзеткам» Ксюша і Арцём з гурта Navi чытаюць казку Юі Вісьляндэр «Мама Му ў басэйне»
Лекцыя пра польскае кіно
Польскі інстытут у Менску прапануе пазнаёміцца з ураджэнцамі Польшчы, якія зрабілі значны ўнёсак у сусьветнае кіно.
«Будзем успамінаць ня толькі Рамана Паланскага і Агнешку Холанд, але і ўсіх, хто так ці інакш паўплываў на сусьветны кінэматограф — ад вынаходнікаў тэхнічнага абсталяваньня канца ХІХ стагодзьдзя да тых, хто некалі стварыў Галівуд і працягвае ствараць яго моц і гонар», — адзначаюць у апісаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне быў выбар, ці прыбраць верш, ці сысьці з музэю». Экскурсавода-стэндапэра звольнілі з музэю за верш
Індустрыяльныя гіганты ў творах мастацтва
Музэй Менску працягвае сэрыю відэалекцый «Шпацыр па горадзе сонца». На гэты раз можна пазнаёміцца з гісторыяй індустрыяльных гігантаў у творах мастакоў ХХ стагодзьдзя: Леаніда Дударэнкі, Сяргея Каткова, Монаса Манасзона, Леаніда Шчамялёва, Кацярыны Паплаўскай, Мікалая Назарчука, Паўла Гаўрыленкі і іншых.
Спэктаклі ад Купалаўскага
Тэатар Янкі Купалы прапануе да онлайн-прагляду свае найлепшыя пастаноўкі. Кошт аднаго квітка 10 рублёў, доступ да прагляду будзе адкрыты на працягу 7 дзён.
Даступныя спэктаклі: «Паўлінка», «Кароль Лір», «Чайка», «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях», «Зямля Эльзы», «Каханьне як мілітарызм», «Пан Тадэвуш», «Рэвізор», «Ураджай», «Вэльтмайстар-акардэон», «Школа падаткаплатнікаў», «Радзіва Прудок».
Падрабязнасьці тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «26 гадоў пры ўладзе — гэта вельмі шмат. А сам ён ня сыдзе», — актор Алег Гарбуз
Канцэрт гурта Recha
14 ліпеня музыкі зайграюць канцэрт у падтрымку дзіцячага госьпісу.
«Давайце зьбярэмся, пасьпяваем, пагутарым пра культуру, палітыку, свабоду. Плюс будзе магчымасьць заданаціць дзіцячы госьпіс», — піша ў сваім інстаграме ўдзельнік гурту Андрусь Такінданг.
Онлайн-трансьляцыя распачнецца а 19 гадзіне тут.
Вялікі музычны фэстываль
16 ліпеня стартуе другая хваля фэсту, у якім паўдзельнічаюць панк-грут «Дай дарогу» і Intelligency, які выбухнуў з трэкам August.
Усяго гледачоў чакае 8 сустрэч, якія будуць адбывацца шточацьвер тут.
У будучыні арганізатары праекту хочуць выйсьці ў жывы фармат — калі змогуць запрашаць людзей на пляцоўкі трансьляцый.