Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«26 гадоў пры ўладзе — гэта вельмі шмат. А сам ён ня сыдзе», — актор Алег Гарбуз


Актор Купалаўскага тэатру
Актор Купалаўскага тэатру

Актор Купалаўскага тэатру Алег Гарбуз разважае пра выбары і пра тое, што будзе пасьля 9 жніўня. І параўноўвае Аляксандра Лукашэнку зь Людовікам XIV, «каралём-сонцам», які правіў Францыяй 72 гады.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Ён будзе рабіць усё, каб атрымаць наступную дозу ўлады»

Кожныя пяць гадоў беларусам даюць надзею на тое, што нешта палепшыцца, зьменіцца, стане іншым. Чым бліжэйшыя выбары, надзею на зьмены паціху, спачатку малымі порцыямі, адбіраюць. А потым ушчэнт трушчаць, кажа Алег Гарбуз.

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

«Глядзець на гэта ня тое што сумна, а хочацца забіцца ў кут і не выходзіць адтуль ня толькі да канца выбараў, але і яшчэ 5 гадоў.

26 гадоў пры ўладзе — гэта вельмі шмат. А сам ён ня сыдзе. Ён як наркаман, у якога пачнецца ломка: ён будзе рабіць усё, каб атрымаць наступную дозу ўлады. Я сам наркотыкаў ніколі не ўжываў, але разумею, як гэта адбываецца: гэта як хімічны працэс у арганізьме. Розумам чалавек, можа, і ўсьведамляе, што годзе, надышоў час спыніцца. Але фізычна ён ня можа гэтага зрабіць.

Я б параўнаў Аляксандра Рыгоравіча зь Людовікам XIV, „каралём-сонцам“, які правіў Францыяй 72 гады, з 1643-га па 1715-ы. Але гэта было ў зусім іншы, павольны час, калі людзей на плянэце было значна менш. І 72 гады Людовіка, мне здаецца, гэта меней за цяперашнія Лукашэнкавы 26», — разважае актор Купалаўскага тэатру.

На яго думку, цяпер краіна «заточаная» толькі пад аднаго чалавека — дзейнага кіраўніка дзяржавы, які баіцца аддаць гэтую ўладу. А яму проста трэба гарантаваць, што ніякага перасьледу ня будзе, ён вольны выбіраць, дзе яму жыць, мяркуе актор. І як чалавек, не пазбаўлены пачуцьця гумару, прапануе Лукашэнку два варыянты.

«Я б зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы зь дзьвюма прапановамі. Першая прапанова — проста каранавацца. Каб усе ведалі: будзе так да скону, інакш ужо ня будзе, маўляў, „чакайце, калі я памру“. Усе б зьмірыліся і чакалі.

Ці другое выйсьце: у яго ж ёсьць два самалёты. Сабраў бы сваіх сваякоў, атачэньне, грошы, мяркую, у яго ёсьць, назапасіў. Паляцеў бы ў якую цёплую краіну, дзе ў яго ёсьць сябры — у яго ж паўсюль шмат сяброў! Мог бы езьдзіць па сьвеце, чытаць лекцыі.

А я б прасіў людзей, каб у такім выпадку ніякага перасьледу яму б не рабілі. Старэйшыя дзеці ў яго, мне здаецца, ня вельмі амбітныя. А малодшы, Мікалай Аляксандравіч, наагул сьветлы чалавек. Ён разумны і можа знайсьці свой жыцьцёвы шлях бяз гэтага палітычнага лайна. Па-добраму.

А мы б з чыстага аркуша ўсё пачалі. Мы не прападзём, мы ж нармальныя людзі», — кажа Алег Гарбуз.

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

«Улада ня ведае, як захаваць твар»

Улада не была гатовая да таго, што апошнім часам яе ня надта шануюць у народзе. Яна думала, што будзе як заўжды, больш-менш спакойна. Улада не чакала такой актыўнасьці кандыдатаў, вылучэньня яскравых асобаў, не чакала масавых пратэстаў, кажа Алег Гарбуз.

«Але так сталася, што і ёй трэба таксама нейкае выйсьце шукаць. І нам, і ўладзе. Бо ніводнаму нармальнаму чалавеку ня можа падабацца тое, што цяпер адбываецца ў краіне. Мне здаецца, што і ўладзе наверсе гэта не падабаецца. Проста яна ня ведае, як з гэтага выйсьці прыстойным чынам, як захаваць твар.

Калі пасадзілі ў вязьніцу Віктара Бабарыку, быў эмацыйны выхад людзей на вуліцу. Было абурэньне: ну як так? Усім відавочна, што гэта палітычны перасьлед. А калі нам расказваюць байкі, што на банкіра знайшлі кампрамат, мы ж цудоўна ведаем, што тыя, каго паслалі шукаць, знойдуць усё, што ім трэба. Але хто ж паверыць, што сапраўды штосьці знайшлі?

Я думаю, што і тым, хто гэта вырабляе, таксама ўсё не даспадобы. Але яны пагадзіліся, што мусяць гэта рабіць. Я іх не апраўдваю. Хтосьці выбірае лёс кагосьці мучыць, а хтосьці ідзе іншай дарогай. Гэта свабода выбару. Яны выбралі такую дарогу.

Калі нічога ня зьменіцца кардынальна ў мазгах гэтых людзей, яны будуць дзейнічаць яшчэ больш жорстка, гэта відавочна. А потым пачнуцца зачысткі. Я ня ведаю, як адрэагуе народ. Але мне вельмі страшна за сябе. Я баюся, што сам сарвуся, бо дужа эмацыйны чалавек», — кажа актор Купалаўскага тэатру Алег Гарбуз.

«Вельмі спадзяюся, што ў нас ня дойдзе да крыві»

Алег Гарбуз кажа, што 9 жніўня зьбіраецца ісьці галасаваць. Апошні раз хадзіў на самыя першыя прэзыдэнцкія выбары ў 1994-м, галасаваў тады за Шушкевіча. А на пытаньні, ці вытрымае беларускі народ яшчэ 5 гадоў кіраваньня Лукашэнкі і ці выйдуць людзі на плошчу, калі выбары будуць несумленнымі, адказаў так:

«Я ня ведаю. Здаецца, мы ўжо на мяжы. Раней былі асобныя людзі, якім не падабалася тое, што адбываецца. Цяпер мы ведаем, што такіх людзей багата.

Ці выйдзе народ на плошчу, залежыць ад таго, як далей будуць разьвівацца адносіны ўлады і народу. Калі ўладзе ўдасца пазьбегнуць такіх вострых момантаў, калі яна асьцярожна пройдзе гэтай сьцежкай і ня выкліча вялізнай хвалі абурэньня, можа, ёй удасца захавацца. А калі не, думаю, людзі ўжо ў тым стане знаходзяцца, што гатовыя выйсьці. Ня кожны першы, але кожны трэці дакладна. А гэта будзе ўжо хваля моцная.

Вельмі спадзяюся, што ў нас ня дойдзе да крыві. Я ўпэўнены, што з боку народу, талерантных, памяркоўных, спакойных беларусаў нічога такога ня будзе.

Толькі калі будзе правакацыя з боку ўладаў, можа пачацца заваруха. А нашы людзі проста „зайкі“ — паглядзіце, якія яны законапаслухмяныя, як яны пакорліва ідуць да аўтазакаў!

Вось рабочыя кажуць: „Выходзілі інтэлігенты, моладзь. А калі выйдзем мы, рабацягі: трактарны, МАЗ, БелАЗ — мала не падасца!“

Я спадзяюся, што хопіць мужнасьці ў людзей ва ўладзе прызнаць, што іх час ужо падыходзіць да фіналу. І хацелася б абысьціся бяз бою, без крыві», — выказвае надзею Алег Гарбуз.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG