«Ня трэба чакаць пандэміі, каб зрабіць тое, пра што марылі». Фатографка Тацяна Ткачова — пра каранавірус і праект аб таемных рашэньнях

Пераможца прэстыжнай фатапрэміі World Press Photo Тацяна Ткачова зрабіла праект «Калі, як не цяпер?». У ім мастачка расказвае гісторыі людзей, якія падчас карантыну і самаізаляцыі наважыліся зрабіць тое, пра што раней ня думалі.

Свабода публікуе фотапраект Ткачовай і паразмаўляла з фатографкай пра яе асабістую гісторыю.

«Калі, як не цяпер?»

Праект Ткачовай — гэта дзевяць гісторый беларусаў з розных краін.

Тацяна Ткачова

«Праект я рабіла ў красавіку. Якраз тады захварэла на вятранку, толькі-толькі пачалося ўсё з адменамі мерапрыемстваў, фэстываляў. Я падумала, што было б выдатна зрабіць гісторыю. Але ня думала, якім чынам, а рабіць каньюнктурна не хацелася».

Фатаздымкі для гісторый Тацяна рабіла праз WhatsApp.

«Цяпер адбываецца бум онлайн-здымак. Але ня думаю, што яны заменяць звыклую працу фатографа. Проста гэта будзе адным са спосабаў працы, калі рэдакцыя далёка. Можна будзе зэканоміць грошы. У прынцыпе, можна будзе зрабіць новыя візуальныя гісторыі, з новай візуальнай мовай. Гэта цікава!» — дзеліцца думкамі Тацяна.

«Мне хацелася знайсьці нешта станоўчае і сьветлае, таму што наступствы пандэміі цяжкія»

Адна з гісторый у міжнародным праекце — пра фотажурналістку Аліну з Расеі. Дзяўчына расказала, што падчас карантыну купіла сабе сэкс-цацку, якую даўно хацела. Тацяна кажа, што не адразу знайшла такія сакрэтныя гісторыі. Напрыклад, многія пісалі, што пачалі шмат чытаць.

«Але кнігі чытаюць усе, гэта звычайна. А мае гісторыі пра нешта сакрэтнае, пра што ты даўно марыў, чаго ніколі да гэтага не рабіў. Шмат гісторый застаюцца таемнымі, пра якія мы і не даведаемся, таму што мне іх не расказалі».

Тацяна думае, што людзі такім чынам шукаюць нейкага выйсьця.

«Інакш ты можаш проста зьехаць з глузду. Умоўна кажучы, калі табе дрэнна ў звычайных умовах, ты шукаеш выйсьця, зьвяртаесься да лекара. Таму мне здаецца, што гэта адзін са спосабаў перажыць цяжкі час празь дзеяньне. Па-першае, чалавек адцягваецца, па-другое, першапачаткова чалавечая натура накіраваная на дзеяньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фіналістка World Press Photo Тацяна Ткачова — пра аборты і эксклюзіў за 30 даляраў

Пра свой праект Тацяна кажа, што гэта «лайтовая гісторыя пра жаданьні, якія чалавек можа ажыцьцявіць у любы час, але чамусьці адкладае».

Жыцьцё самой Ткачовай, па яе словах, не зьмянілася. Яна, як і раней, працуе, але больш увагі аддае ўласнай бясьпецы — носіць маску, карыстаецца антысэптыкам і не чапае твар рукамі.

«Гэты год абяцаў быць актыўны. Але адмяніўся самы галоўны для мяне фэстываль у гэтым годзе — World Press Photo. Я не палячу ў Амэрыку ў верасьні — паездка перанеслася на вясну 2021 году».

«Абняла маці, пасадзіла дзьве градкі»

Усё, што жадае, Ткачова робіць тут і цяпер, таму ў яе няма асабістай гісторыі для праекту. Інакш, кажа, таксама стала б адной з гераінь.

«Я пачала думаць, што трэба больш здымаць, вучыць ангельскую, каб была магчымасьць паехаць вучыцца. Гэта не зьвязана наўпрост з каранавірусам — проста з жыцьцём, таму што яно кароткае. Такія моманты, як адмена фэстывалю і паездкі ў Амэрыку, спачатку мяне хвалявалі, але потым я пачала шукаць у гэтым станоўчае. Напрыклад, больш стала здымаць для „Такие дела“. А гэта важней за фэстываль на дадзеным этапе. Фэстываль у мяне яшчэ будзе, а здымак магло б і ня быць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партрэты беларусак, якія зрабілі аборт, назвалі сярод найлепшых здымкаў World Press Photo

Больш, чым за сябе, Тацяна хвалюецца за маці, бо тая працуе ў школе. Праўда, цяпер навучальны год ужо скончаны.

«Яна жыве ў гарадзкім пасёлку, дзе няма інфэкцыйнага аддзяленьня, няма апарата ШВЛ, яна ў групе рызыкі. Што тут казаць пра рэгіёны, дзе маску часам саромеюцца выкарыстоўваць, калі мы ў Менску, і чалавек перада мной у краме не захоўвае дыстанцыю. Я яго прашу стаць далей, а ён кажа: „Мне ўсё роўна“».

Падчас самаізаляцыі Тацяна тры месяцы ня бачылася з маці. Толькі нядаўна ўсё-ткі адважылася яе наведаць.

«Зьезьдзіла на паўтара дня. Убачыла, абняла яе, усіх сваіх жывёлаў, пасадзіла дзьве градкі. Зямля — гэта для мяне важна», — кажа Тацяна Ткачова.

Тацяна Ткачова з маці

«Калі не цяпер, то калі?»

Стоячы на кухні, Каця, гаспадыня кватэры, дзе я здымаю пакой, раптам расказала, што адкрыла свае духі «Шанэль № 5». Яна захоўвала флякончык зь любімым водарам, падораны бацькамі, чатыры гады. Пасьля невялікай паўзы Каця вымавіла: «Калі не цяпер, то калі?»

Гэтая фраза стала адпраўным пунктам у маёй гісторыі. Я адразу падумала, што цяпер многія з нас пачынаюць па-іншаму ацэньваць сваё жыцьцё.

«Калі не цяпер, то калі» — гэта гісторыі людзей і іх жаданьняў падчас пандэміі COVID-19. Я ведаю адно — наша жыцьцё ня будзе ранейшым.

Дар’я Альперн-Каткоўская, 37 гадоў, гештальт-тэрапэўт, псыхоляг. Эйлат, Ізраіль

Я вырашыла зрабіць новую стрыжку. Паглядзець, як гэта — абнуліцца, і паэкспэрымэнтаваць. Калісьці даўно я працавала юрыстам у буйной юрыдычнай кампаніі. Там быў звод правілаў, якія дэталёва рэглямэнтуюць зьнешнасьць супрацоўніка. Я памятаю, як мяне гэта бянтэжыла і абмяжоўвала. Потым жыцьцё мянялася, я мяняла стрыжкі, але ўсе валасы ніколі не састрыгала. Незадоўга да пандэміі мы з мужам купілі машынку для стрыжкі сабак. Калі мы апынуліся на карантыне, муж пастрыг мяне. Выявілася, што ў мяне прыгожая форма галавы, а яшчэ яе вельмі прыемна кранаць, і мне падабаецца, калі мяне гладзяць.

Калі я цяпер фантазую пра канец пандэміі і карантыну, мне ўяўляецца нешта падобнае да заканчэньня вайны: маніфэст жыцьця, нягледзячы на эканамічны заняпад. Прыгожыя жанчыны ў сукенках, прагулкі, паездкі, сустрэчы і абдымкі зь сябрамі і блізкімі, нейкія рытуалы і дзеяньні, каб зноўку выбудаваць наш рэальны офлайнавы сьвет.

Зьміцер Хведарук, 32 гады, прыхаджанін Эвангельскай рэфармісцкай сэмінарыі Ўкраіны, Менск

У дзяцінстве ў двары амаль ва ўсіх былі лідзкія красоўкі. Ва ўсіх, акрамя мяне. Прайшлі гады, а я ўсё таемна марыў пра лідзкія кеды.

Магчыма, нічога б не зьмянілася, калі б не навіны пра пандэмію. Я раззлаваўся, узброіўся антысэптыкам і ўзьняўся на другі паверх ЦУМу, дзе купіў пару кедаў сваёй мары. У першы дзень я прайшоўся ў іх па знакавых для сябе ў Менску месцах і паказаў кедам, дзе яны маглі б пабываць, каб я купіў іх раней. Гештальт, здаецца, закрыты, і да барацьбы з COVID-19 можна дадаць ня толькі «трактар, лазьню, гарэлку» Лукашэнкі, але і лідзкія красоўкі.

Я баюся за сваіх блізкіх. Ня хочацца, каб яны захварэлі. Я разумею, што жудасныя трагедыі і катастрофы ня першыя ў гісторыі чалавецтва. Хочацца верыць, што такія катаклізмы і эпідэміі нагадваюць аб тым, што наша «эга» ня цэнтар сусьвету. Ёсьць надзея, што мы пачнём больш клапаціцца пра тое, што нам даў Бог і будзем лепш разумець адно аднаго. Але нешта сьведчыць пра тое, што гэта наўрад ці адбудзецца.

Кацярына Рускевіч, 39 гадоў, дасьледчыца культуры, Менск

Я адкрыла падораную, здаецца, у 2014 годзе парфуму «Шанэль № 5». Гэта быў сонечны дзень, і быццам для поўнага настрою мне не хапала менавіта гэтага паху. Я яшчэ падумала: навошта захоўваць духі закаркаванымі, калі можна карыстацца імі цяпер. Няма часоў лепшых ці горшых, ёсьць сёньня і цяпер. Маё жыцьцё зьмяняецца, і зьмяняецца штодня. Здавалася б, учора ты пра гэта яшчэ жартаваў, а сёньня чытаеш пра гэта ў навінах. Мне пачынае здавацца, што я адчуваю нешта накшталт тактыльнай дэпрывацыі. Я спадзяюся, што, калі гэта калі-небудзь скончыцца, мы будзем цаніць простыя рэчы і больш часу праводзіць з блізкімі.

Аляксей Сінічэнка, 43 гады, апэратар кацельні, Сянно

Жаданьне выпіць у мяне зьяўлялася даўно. Раней я рэгулярна ўжываў алькаголь. Але пасьля двух інсультаў і трэпанацыі чэрапа мне нельга піць. Я не рабіў гэтага ўжо сем гадоў. У мяне ёсьць падсьвядомы страх, што бяда паўтарыцца зноў.

Мая жонка — эмацыйны чалавек. Апошнім часам мы часта абмяркоўваем навіны, зьвязаныя з пандэміяй. У нейкі момант я зразумеў, што маю страх. Мы з жонкай у зоне рызыкі. І мы баімся за будучыню свайго непаўналетняга сына. У адзін з такіх вечароў я папрасіў яе наліць мне гарэлкі. Нездарма кажуць, што п’янаму і мора па калена.

У сувязі з пандэміяй маё жыцьцё ніяк не зьмянілася. Толькі стала трывожна за сябе і за блізкіх. Апошнім часам сталі раздражняць бясконцыя размовы пра COVID-19 у маёй сям’і. Магчыма, калі ўсё скончыцца, то людзі стануць больш чалавечным.

Альгерд Бахарэвіч, 45 гадоў, пісьменьнік, Менск

Гэты год абяцаў быць выдатным: кніжныя кірмашы ў Ляйпцыгу і Эдынбургу, прэм’ера спэктаклю ў Лёндане, прэзэнтацыя ангельскага перакладу майго рамана «Дзеці Аліндаркі», паездка на Готлянд... Замест гэтага я сяджу дома і пяку хлеб.

13 сакавіка жонка, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, вырашыла, што карантын непазьбежны, і я зь ёй пагадзіўся. Я пішу кнігі, мая прафэсія зьвязана з тэкстамі, таму ўжо шмат гадоў працую дома, у гэтым сэнсе наша жыцьцё зьмянілася ня так моцна, як у іншых. Але, думаю, калі б ня гэтая добраахвотная самаізаляцыя, да хлеба ў мяне б рукі так і не дайшлі. Хоць я даўно ўжо марыў навучыцца яго пячы, мяне заўсёды палохала складанасьць і сакральнасьць працэсу, таемнае жыцьцё цеста і ўсялякія стэрэатыпы.

Так што дзякуючы карантыну на восьмы дзень я нарэшце адважыўся: сьпёк свой першы хлеб — з часнаком і зёлкамі. Атрымалася вельмі смачна, хоць і па-дылетанцку. А цяпер я ўжо пяку прыгожы хлеб у маім любімым міжземнаморскім стылі, дзялюся яго фатаздымкамі ў «Фэйсбуку» і ніяк не магу спыніцца.

Ня ведаю, што будзе з гэтым сьветам і намі, але хлеб я зьбіраюся пячы і далей. Гэтая пандэмія па людзях маёй прафэсіі бʼе даволі моцна (яна па ўсіх бʼе). Незалежным кнігарням і выдавецтвам выжыць ва ўмовах крызісу заўсёды складана, людзі цяпер больш перачытваюць любімыя кнігі, чым чытаюць новае. Калі так пойдзе і далей, я буду вучыцца на пекара. А потым адкрыю сваю пякарню. Добры спосаб сустрэць узрост у такім жа сталым сьвеце.

Уласенка Тацяна, 39 гадоў, журналістка, Менск

Я заўсёды марыла быць стылістам. Хацела навучыцца кроіць і шыць, каб разумець працэс знутры, і самой ствараць вопратку. Сындром адкладзенага жыцьця расьцягнуў гэтую мару на доўгія гады.

Але смажаны певень у выглядзе COVID-19 клюнуў у гэтае самае месца. Больш за тое, менавіта ён дапамог маёй мары рэалізавацца. Трапіць на базавы курс шыцьця праз яго шалёную папулярнасьць было немагчыма. Месцы ў групы расьпісаныя на некалькі месяцаў наперад, і ў мяне проста апускаліся рукі. Але адно месца раптам аказалася вольным. За два дні я навучылася кроіць і шыць трыкатажныя вырабы. Пашыла сукенку ў гарох і гольф-туніку.

Страхаў у сувязі з эпідэміяй не адчуваю. Я фаталістка. Дома, з мужам, больш жартуем пра гэта. Чорны гумар у нас у прыярытэце. Калі нешта і здарыцца, то гэта ўсяго толькі пытаньне часу, таму трэба прыняць гэта як ёсьць.

Больш баімся за старэйшае пакаленьне. Пасьля пандэміі ўсё пустое, фэйкавае на нейкі час адыдзе на задні плян. Але ў глябальным сэнсе ні людзі, ні іхныя звычкі ня зьменяцца. Стануць часьцей мыць рукі? Гэта яшчэ пытаньне! Як паказвае практыка, чалавецтва ня вучыцца на ўласных памылках. Дыктатур, войнаў ня стане менш. З пазытыўнага — калі адкрыюцца межы, прагназую постэпідэмічны бум турызму.

Ніжнікава Вольга, 31 год, радыёляг, Грац (Аўстрыя)

Калі быў уведзены карантын, і я перайшла дыстанцыйную працу, першае, пра што я падумала: «Як жа я выжыву без кавамашыны?». Я заўсёды любіла выпіць кавы з малочнай пенкай, але ў Аўстрыі пачала піць каву нашмат часьцей. Так што першым набыткам стала кавамашына. Я даўно здумала яе купіць, але ўвесь час гэтая мара адкладалася. У красавіку я вырашыла, што настаў час.

У мяне страхаў няма. Я думаю, што пандэмія зьменіць у нас успрыманьне асабістых межаў і разуменьне асабістай гігіены. Прынамсі, спадзяюся на гэта.

Святлана Хмяльніцкая, 33 гады, галоўная рэдактарка сайту «Як тут жыць»

Я ня ўмею маляваць. Але мне падабаюцца карціны як каляровыя плямы на сьценах. І я жудасна зайздрошчу дзяўчаткам, якія вучацца ў каледжы мастацтваў. Яшчэ ў студзені на драйве зайздрасьці я купіла палотны на падрамніку і фарбы. Вельмі доўга, амаль тры месяцы, выбірала, якія карцінкі з інтэрнэту я намалюю.

Падчас добраахвотнага паўкарантыну я нарэшце намалявала копію копіі карціны з «Алі-экспрэс». Выглядае трохі дзіка, нязграбна і па-дзіцячы, але я задаволеная.

Я ня ведаю, чаму я не рабіла гэтага раней і зрабіла цяпер. Напэўна, таму, што я стала больш сядзець дома і выгляд белых палотнаў стаў мяне раздражняць усё больш і больш. Потым я зразумела, што мяне раздражняюць ня белыя палотны, а мая нерашучасьць. Я саромелася нават самога намеру, што вось я сяду і сваімі звычайнымі рукамі што-небудзь зраблю і нават павешу гэта на сьцены.

У «Інстаграме» ўбачыла подпіс «Мне ўсё можна». Я падумала: «Блін, я таксама так хачу, каб мне ўсё было можна». Нарэшце села, уключыла аўдыёапавяданьні Тэфі і Чэхава і ўсё размалявала, як мне хацелася. А калі б ня гэты добраахвотны паўкарантын, то, думаю, палотны б так і стаялі яшчэ год.

У мяне поўна старых, яшчэ «дакаранавірусных» трывог, сумненьняў і страхаў наконт сваёй будучыні. Новых страхаў пры пандэміі не зьявілася. Спадзяюся, калі яна скончыцца, ва ўсіх прадуктовых крамах зьявяцца каляровыя палоскі каля касы, каб людзі паменш дыхалі адзін аднаму ў сьпіны і ня білі адзін аднаго сваімі напоўненымі кошыкамі.

Настасься Хапанен, 38 гадоў, псыхоляг, гештальт-тэрапэўт, Менск

З прыходам у Беларусь COVID-19 і з павелічэньнем колькасьці захварэлых у мяне зьявілася трывога і занепакоенасьць. Падымалася вельмі рана і чытала навіны ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. Пазьней, каб зьнізіць сваю трывожнасьць, прыняла рашэньне паменшыць колькасьць кантактаў, практычна самаізалявалася дома, стала працаваць онлайн з кліентамі, часьцей мыць рукі, выходзіла на вуліцу толькі ў краму ці пагуляць з сабакам. Уключыла ў свой рацыён імберац, лімон, цыбулю і часнок.

Маё жыцьцё запаволілася, зьявілася шмат таго, чаго нельга пракантраляваць ніяк! Я вырашыла, што трэба неяк прыстасоўвацца, стала больш прыслухоўвацца да сябе. Мне не хапала актыўнасьці, руху. І я прыдумала, як сябе падтрымаць, паставіць для сябе хоць бы маленькую мэту, дасягнуць якой у маіх сілах.

Я вырашыла сесьці на шпагат. У дзяцінстве я займалася акрабатыкай, але з часам гнуткасць у маім целе зьнікла. Раніцай я стала займацца ёгай, а пасьля рабіла расьцяжку. У целе зьявілася шмат лёгкасьці. Прыйшоў супакой і задавальненьне.

Ёсьць страх страціць родных і блізкіх, асабліва маму. Ёй 69 гадоў. Тэлефанавала ёй кожны дзень і прасіла не выходзіць з дому без патрэбы і надзяваць маску. Мама ў мяне пазытыўная, верыць ва ўсе добрае і ня вельмі мяне слухае.

Думаю, што многія людзі перагледзяць свае каштоўнасьці і тое, што для іх сапраўды важна. Для сябе я яшчэ раз усьвядоміла, як мне патрэбна свабода, блізкія людзі і як выдатна, што я жыву ў гэтым сьвеце.