Фітнэс-інструктара зь Менску аштрафавалі на 540 рублёў за абразу сяброў БРСМ

Фітнэс-інструктар Шата Лабжанідзэ

У Менску затрымалі прафэсійнага атлета-бодыбілдэра, фітнэс-інструктара Шата Лабжанідзэ. Пра гэта паведаміў ягоны сябра і калега Андрэй Ткачоў.

«Прыйшлі шэсьць чалавек проста ў залю, дзе ён трэнаваўся, паказалі ксіву, надзелі кайданкі і павезьлі на бусе, не сказаўшы нават, куды», — напісаў Андрэй Ткачоў на сваёй старонцы ў Facebook.

Суд Першамайскага раёну асудзіў Лабжанідзэ на 540 рублёў па адміністрацыйнай справе за абразу. Як высьветлілася, Лабжанідзэ адправіў васьмярым членам БРСМ крытычныя паведамленьні ў інстаграме. Пра гэта піша «Наша Ніва» без спасылкі на крыніцу інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маліўся, каб жонку не чапалі. І тут у бусік закідваюць Аліну». Яшчэ адна гісторыя затрыманьня 19 чэрвеня

Cа слоў жонкі Шата Лабжанідзэ, праваахоўнікі правялі ператрус у іх кватэры, але нічога не забралі, паведамляе TUT.BY. Падчас агляду было агучана, што яго падазраюць паводле артыкула 189 Крымінальнага кодэксу («Зьнявага»). Нібыта ён некага абразіў у сацыяльных сетках 6 чэрвеня, паступіла адпаведная заява. Пасьля гэтага мужчыну павезьлі на допыт у Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС. Цяпер сувязі зь ім няма.

Гэта ня першае затрыманьне Шата Лабжанідзэ за апошні час. Яго схапілі 19 чэрвеня на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, калі АМАП пачаў разганяць удзельнікаў «ланцуга салідарнасьці» і выпадковых мінакоў.

У пратаколе затрыманьня было напісана, што ён выкрыкваў лёзунгі «Сыходзь!», «Свабоду палітвязьням» і супраціўляўся праваахоўнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі адказала на звароты з нагоды масавых затрыманьняў на выбарчых пікетах

Сам жа Шата сьцьвярджаў, што сустракаўся ў цэнтры гораду зь сябрам, амапаўцы проста ўзялі яго пад рукі са словамі «занадта павольна ідзяце».

Тры дні ён правёў у турме на Акрэсьціна, пасьля чаго яму прысудзілі штраф 540 рублёў.