Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычным зьняволеным і запатрабавала вызваліць сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў заяву пра гэта 10 ліпеня, а затрымалі Севярынца яшчэ 7 чэрвеня.
Павал Севярынец, у адрозьненьне ад іншых 24 беларусаў, прызнаных палітвязьнямі, не зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы.
Але яму раз за разам дадаюць «сутак» адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаваныя акцыі» — сумарна набралася ўжо ня менш як 105 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы асудзіце чалавека, які месяц сядзіць без вады». Севярынцу далі яшчэ 15 сутак праз скайп«Мы чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымяненьня нормаў КаАП зьяўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказаньня ціску, пакараньня за публічную грамадзкую дзейнасьць і ізаляцыі Паўла Севярынца на ўвесь пэрыяд выбарчай кампаніі, — пішуць праваабаронцы. — Акрамя таго, мы нагадваем, што свабода мірных сходаў і выказваньня думак гарантаваная грамадзянам Беларусі як дзейнай Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах у прыватнасьці. Пазбаўленьне волі ў сувязі з рэалізацыяй гэтых свабодаў зьяўляецца недапушчальнай і непрымальнай практыкай у дэмакратычным грамадзтве».
Праваабаронцы адзначаюць і заявы аб жорсткім і бесчалавечным абыходжаньні зь Севярынцам ад яго самога і ад вызваленых вязьняў менскага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштант з камэры на Акрэсьціна, дзе сядзеў Севярынец: «У яго ўсё забралі, нават зубную шчотку»«Актывіста неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар бязь цёплай вопраткі і асабістых рэчаў, дзе ад нізкіх тэмпэратураў уначы ён ня мог спаць, а ўдзень, калі нары падымаюцца і замацоўваюцца да сьцяны, увесь час вымушаны сядзець на невялікім зэдліку, — пішуць у заяве. — Яго не выводзяць на прагулкі і ў душ, працяглы час не прымалі перадач ад родных і дагэтуль не дапускаюць да яго адваката.
У сувязі з гэтым мы нагадваем, што свабода ад катаваньняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня зьяўляецца абсалютным правам, а такое абыходжаньне забаронена як дзейным нацыянальным заканадаўствам, так і міжнародным правам у галіне правоў чалавека».
Праваабаронцы патрабуюць ня толькі вызваліць Севярынца і іншых палітычных зьняволеных, але і правесьці праверкі і пакараць вінаватых у катаваньнях арыштаваных.
Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, Lawtrend, «Прававая ініцыятыва», «Ініцыятыва Forb», група «Ідэнтычнасьць і права», Human Constanta, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Беларускі дом правоў чалавека імя Звоскава і Беларускі ПЭН-цэнтар.