Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычным зьняволеным актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша, супраць якога завялі крымінальную справу за «ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», пры прыняцьці рашэньня аб прызнаньні палітвязьнем Спарыша кіраваліся тымі ж крытэрамі, што ў выпадку іншых прызнаных палітвязьнямі фігурантаў «справы Ціханоўскага».
Спарыша затрымалі 25 чэрвеня «людзі ў цывільным», яго гвалтоўна выцягнулі з кватэры, цягнулі па прыступках, пасадзілі ў машыну. Сьведкі кажуць, «людзі ў цывільным» яго зьбілі. Тады яго забралі адбываць 15 сутак, якія ён раней атрымаў за ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках 8 траўня.
Пра крымінальную справу стала вядома 9 ліпеня. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызваленьня Спарыша і спыненьня крымінальнай справы.
Цяпер вядома пра 18 чалавек, якія знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў паводле арт. 342 КК. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні ў так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Андрэй Новікаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч, актывіст Сяргей Спарыш. Раней прызнаныя палітвязьнямі Ўладзімер Навумік і Васіль Баброўскі выйшлі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, але засталіся фігурантамі справы.
У чым менавіта іх падазраюць, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найбольш не хапала свабоды». Два фігуранты «справы Ціханоўскага» вярнуліся ў Горадню. ФОТА, ВІДЭАПапярэдняя заява аб прызнаньні палітвязьнямі тычылася фігурантаў іншай «перадвыбарчай» справы — «справы Белгазпрамбанку». Прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ дваіх затрыманых з атачэньня экс-банкіра і прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыкі — Алену Карагачаву і Дзьмітрыя Карака. Таксама прызнаныя палітвязьнямі сам Віктар Бабарыка, яго сын і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, каардынатары ягоных ініцыятыўных групаў Уладзімер Дудараў і Сьвятлана Купрэева.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.