У Жлобіне прайшлі чарговыя суды над мясцовымі жыхарамі, якіх міліцыя абвінаваціла ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня.
Чацьвярых жыхароў райцэнтру — Пятра Канстанцінава, Пятра Карабанава, сямейную пару Валерыя і Ілону Ткачовых — аштрафавалі на сумы ад 405 да 540 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак«Мы з мужам 19 чэрвеня гулялі па Жлобіне, размаўлялі, пілі каву, чыталі інфармацыйныя бюлетэні пра палітвязьняў у Беларусі, — паведаміла БелаПАН Ілона Ткачова. — Да нас падышлі два міліцыянты, мы адказалі, што чакаем аўтобус. Яны пайшлі далей».
Жанчына не разумее, якім чынам свабода перамяшчэньня была інтэрпрэтаваная міліцыяй як удзел у несанкцыянаванай акцыі.
«Міліцыянт Аляксандар Раманенка ў пратаколе бяздоказна напісаў, што я публічна выказвала пратэст супраць дзейнай улады. Згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, адзінай крыніцай улады ў Беларусі зьяўляецца народ. Я ніколі не выказвала пратэст супраць народу і сама зьяўляюся яго часткай», — кажа Ілона Ткачова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 195 затрыманых, 719 сутак арышту, больш за 60 тысяч рублёў штрафаў і — перасьлед беларусаў за травень у лічбахАбвінавачаньні міліцыі яна лічыць надуманымі. Пастановы суду Ткачовы будуць абскарджваць.
2 ліпеня на 15 сутак быў арыштаваны жыхар вёскі Стрэшын Віталь Грыцкоў. Суд палічыў, што ён удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі: «публічна выказваў пратэст супраць дзейнай улады шляхам ўзьняцьця рукі ў знак прывітаньня аўтамабілістаў, якія сыгналілі ў падтрымку акцыі».
Яшчэ адну жыхарку Жлобіна, Сьвятлану Зыль, таксама прызналі ўдзельніцай несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі на 405 рублёў.