Мэр Сэулу, магчымы кандыдат у прэзыдэнты Карэі знойдзены мёртвым

Сэўл

У Сэуле знойдзены мёртвым мэр горада Пак Вон Сун: ён нязьменна кіраваў сталіцай Карэі з 2011 году і лічыўся верагодным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Карэі на выбарах у 2022-м.

Паліцыя заявіла, што палітык, якому было 64 гады, мог налажыць на сябе рукі: яго цела знайшлі ў парку на гары Пугак. Тэлефон быў адключаны.

Пак Вон Суна сталі шукаць пасьля таго, як яго дачка паведаміла, што ён «чатыры ці пяць гадзін таму» пайшоў з дому, разьвітаўшыся як апошні раз. На працу ён не прыйшоў: ва ўрадзе гораду заявілі, што мэр у чацьвер не зьявіўся «з прычынаў здароўя». Апошні раз палітыка бачылі на публіцы ў сераду: ён праводзіў прэс-канфэрэнцыю ў пытаньнях экалягічных праектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Сэулу Пак Вон Сун прапаў бязь вестак

Пасьля таго як дачка мэра зьвязалася з паліцыяй, каля 700 паліцэйскіх некалькі гадзін аглядалі вуліцы, паркі і іншыя месцы Сэула, у тым ліку тыя, дзе апошні раз быў лякалізаваны тэлефон мэра.

Пак Вон Сун быў сябрам кіроўнай у Карэі Дэмакратычнай партыі і разглядаўся як адзін з галоўных кандыдатаў у прэзыдэнты краіны на маючых адбыцца выбарах. Да прыходу ў палітыку ён быў юрыстам, займаўся пытаньнямі захаваньня правоў чалавека.