У Горадні перадвыбарчую агітацыю сёлета можна праводзіць на дзьвюх адкрытых пляцоўках — у Калоскім і Румлёўскім парках. Абодва нешматлюдныя.
Калоскі парк адносіцца да Ленінскага раёну. Ён месьціцца вакол Калоскай царквы XII стагодзьдзя. У гэтым месцы амаль няма ніякай інфраструктуры: кавярні, атракцыёнаў ці прыстойнай прыбіральні.
Сюды прыходзяць турысты, каб паглядзець на Каложу, сем’і з малымі дзецьмі адпачываюць на прыродзе, шпацыруюць пары, заяжджаюць раварысты, ладзяцца фатасэсіі. Побач толькі Нёман, дзіцячы цэнтар творчасьці і невялікі прыватны сэктар. З цэнтру гораду, Савецкай плошчы, сюды ісьці 10–15 хвілін, аднак людзей тут звычайна мала.
Людзі з розных куткоў Беларусі ведаюць Калоскі парк па 2019 годзе, калі тут ладзілі галоўнае сьвяткаваньне #БНР-101.
Другое месца для пікетаваньня — Румлёўскі парк — адносіцца да Кастрычніцкага раёну. Ён нагадвае лес і месьціцца каля спальнага раёну на беразе Нёмана. Сюды прыходзяць займацца спортам або купацца на пляж. У Румлёве ёсьць футбольная пляцоўка і асфальтаваная дарожка, дзе можна ўбачыць бегуноў або жыхароў мікрараёну на шпацыры. Побач гімназія. Парк мае статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэньня. Тут нават нельга выгульваць сабак.
У 2015 годзе ў Горадні дазволілі праводзіць перадвыбарчую агітацыю на 19 пляцоўках, сярод якіх, прыкладам, быў участак пешаходнай Савецкай вуліцы, адно з самых людных месцаў у Горадні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры бязьлюдныя пляцоўкі для агітацыі ў паўмільённым Гомлі. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Магілёве дазволілі агітаваць за кандыдатаў на прэзыдэнта. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў 6 месцах дазволілі вулічную агітацыю на выбарах. Гэта паркі і сквэры. На мінулых выбарах можна было амаль паўсюль. МАПА