Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзэнтавала вынікі першага этапу маніторынгу асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў у СМІ.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Прэзэнтацыя адбывалася ў онлайн-рэжыме, яе ладзілі аналітык Алесь Анціпенка і намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Маніторынг падсумоўвае вынікі назіраньняў ад 25 траўня да 4 ліпеня. З поўным аналізам, графікамі і ілюстрацыямі можна пазнаёміцца на сайце БАЖ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра свабоду слова: «Тут мы навядзём парадак»Высокая актыўнасьць выбарнікаў
Паводле аўтараў, ахоплены аналізам пэрыяд адзначаўся высокай актыўнасьцю выбарнікаў, пра што сьведчыць вялікая колькасьць подпісаў, сабраных за вылучэньне кандыдатамі некаторых апанэнтаў дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Пры гэтым збор подпісаў суправаджаўся шматлікімі затрыманьнямі і арыштамі сябраў ініцыятыўных групаў, грамадзкіх актывістаў і апазыцыйных палітыкаў. Быў арыштаваны і самы папулярны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, а таксама яго сын Эдуард — кіраўнік ініцыятыўнай групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеканал АНТ адмовіўся ад паслуг шоўмэна Кахно пасьля яго абуранага допісу пра разгон чаргі да крамы Symbal.byКрымінальную справу завялі і яшчэ на аднаго прэтэндэнта — Валера Цапкалу. У дзяржаўных і недзяржаўных мэдыя гэтыя падзеі сталіся прадметам контравэрсійных інтэрпрэтацый і ацэнак.
Як пісалі дзяржаўныя СМІ
Нягледзячы на вялікую цікавасьць грамадзтва да сёлетняй кампаніі, дзяржаўныя СМІ падавалі выбарчую тэматыку ў «запакаваным выглядзе», то бок спэцыяльна не акцэнтуючы на ёй увагі, сьцьвярджаюць аналітыкі БАЖ.
Да прыкладу, навінавыя праграмы беларускай тэлевізіі і радыё практычна ніколі не анансавалі сюжэты, датычныя выбараў. А калі гаворка пра гэта і заходзіла, то найчасьцей у кантэксьце выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзень выбараў 9 жніўня ЦВК зьвядзе кантакты з прэсай да мінімуму. За выключэньнем дзяржаўных СМІУ асьвятленьні кампаніі дзяржаўнымі СМІ дамінавала некалькі выразных пасылаў: апанэнты дзейнага кіраўніка краіны — дэструктыўная сіла; ідзе добра арганізаваная кампанія на дыскрэдытацыю ўлады з мэтай «расхістаць грамадзтва»; Беларусь апынулася перад пагрозай падзелу і страты дзяржаўнага сувэрэнітэту.
Частымі былі кансьпіралягічныя алюзіі. Апанэнты рэжыму трактаваліся як змоўшчыкі і марыянэткі, дзеяньнямі якіх кіруюць «лялькаводы» з Усходу і Захаду праз папулярныя ў краіне блогі, а таксама стрымы Радыё Свабода.
Некаторых прэтэндэнтаў тыя ж СМІ партрэтавалі ў нэгатыўным сьвятле з выкарыстаньнем абразьлівых выразаў. Выбарнікаў застрашвалі замежным умяшаньнем, стратай сувэрэнітэту і падзелам краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі жадаеш дабра свайму народу, сыдзі!». Экс-журналістка прэзыдэнцкага пулу пра схіл эпохі ЛукашэнкіЯк пісалі недзяржаўныя СМІ
Калі папярэднія выбары, якія звычайна характарызаваліся як «ціхія», недзяржаўныя СМІ асьвятлялі ў мінімалісцкім ключы, то цяпер іхняя ўвага заўважна ўзрасла.
Параўнальна зь дзяржаўнымі СМІ, недзяржаўныя асьвятлялі кампанію як у інфармацыйным, так і ў аналітычным ключы, канцэнтруючы ўвагу на непасрэдных яе ўдзельніках — Лукашэнку, яго апанэнтах — і актыўнасьці выбарнікаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.