23,7% беларусаў лічаць, што перахварэлі на COVID-19. Большасьць баяліся зьвяртацца да мэдыкаў, — апытаньне

Ілюстрацыйнае фота

Сацыялягічная кампанія Satio правяла ў чэрвені 2020 году апытаньне аб эпідэміі каранвірусу 1002 гарадзкіх жыхароў Беларусі ва ўзросьце ад 18 да 64 гадоў. Вынікі апытаньня публікуе Tut.by.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

З апытаньня вынікае, што:

  • 23,7% думаюць, што ўжо перанесьлі COVID-19, хоць ня маюць афіцыйнага дыягназу. Больш за палову зь іх мелі сымптомы, падобныя да каранавіруснай інфэкцыі, іншыя мелі кантакты зь вялікай колькасьцю людзей, карысталіся грамадзкім транспартам, наведвалі людныя месцы і ўпэўнены, што вірус занадта заразны, каб не падхапіць яго такім чынам. 11% зь іх былі «кантактамі першага ўзроўню».
  • 74% упэўненыя, што не хварэлі і не хварэюць на COVID-19.
  • 2,3% маюць або мелі пацьверджаны дыягназ COVID-19.
  • З улікам апошняга дасьледнікі мяркуюць, што ў Беларусі можа быць каля 137 тысяч (у дыяпазоне 90–200 тысяч) хворых на каранавірус зь ліку гарадзкіх жыхароў ва ўзросьце 18–64 гадоў.
  • Пры тым афіцыйная статыстыка Міністэрства аховы здароўя на 7 чэрвеня паказвае, што ў Беларусі каранавірус выявілі толькі ў 64 тысяч чалавек па ўсёй краіне (у тым ліку ў сельскай мясцовасьці, у дзяцей і ў дарослых, старэйшых за 64 гады). Гэта ўдвая менш за разьлікі Satio.
  • 77% з тых, хто падазраваў у сябе COVID-19, не зьвярталіся да дактароў. 57% ня сталі б нават тады, калі б былі «кантактамі першага ўзроўню». 24% зьвярнуліся б толькі пасьля сур’ёзных сымптомаў. Сацыёлягі думаюць, што людзі могуць баяцца заразіцца, калі ўсё ж былі здаровымі, або баяцца трапіць у стацыянар.
  • 29% лічыць, што ўтойваньне каранавіруснай інфэкцыі можа быць апраўданым. Каля паловы апытаных лічыць, што палова хворых утойвае свой дыягназ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу яшчэ не дасягнула піку, — Сусьветная арганізацыя здароўя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпевака Калдуна, які выступаў 3 ліпеня перад Лукашэнкам, шпіталізавалі з каранавірусам

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.