Група беларускіх католікаў распачала кампанію супраць фальсыфікацый на выбарах. Ініцыятары зьвяртаюцца да чальцоў выбаркамаў з заклікам сумленна лічыць галасы.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сябрам выбарчых камісій нагадваюць, што ўдзел у фальсыфікацыях ці замоўчваньне іх — «цяжкі грэх». Да кампаніі пакуль далучыліся католікі зь Менску і Гомля.
«Наша задача — заахвоціць католікаў, якія ўваходзяць у склады выбарчых камісій, выконваць заканадаўства Беларусі і прадухіляць любыя парушэньні. З гэтай мэтай мы апублікуем адкрыты ліст, выказваньні сьвятароў і вядомых сьвецкіх вернікаў, інфармацыю пра вучэньне Каталіцкай царквы пра абавязкі ўдзелу вернікаў у грамадзкім і палітычным жыцьці», — патлумачыў адзін з ініцыятараў кампаніі Арцём Ткачук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбаркамы, дапусьціўшы толькі абраных», — кампанія «Права выбару»Паводле яго, у Беларусі «ёсьць праблемы з выбарамі, іх не прызнае міжнародная супольнасьць».
«Ва ўчастковых і раённых камісіях працуюць у тым ліку і католікі. Можа быць, ня ўсе зь іх разумеюць вучэньне Касьцёлу. Нашы інфармацыйныя матэрыялы правяралі тэолягі і сьвятары і засьведчылі, што яны не супярэчаць афіцыйнаму вучэньню Касьцёлу. На ўрачыстасьцях у Будславе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што выбары павінны быць сумленнымі, справядлівымі і свабоднымі. Вось да гэтага мы і заклікаем. Бо без справядлівага падліку галасоў выбары ня будуць сумленнымі», — патлумачыў актывіст.
Арцём Ткачук падкрэсьлівае, што адна з мэтаў кампаніі — «каб католікі разумелі вучэньне Касьцёлу і з каталіцкай годнасьцю падышлі да выбараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюзы, праўладныя аб’яднаньні, камуністы. Хто будзе назіраць за выбарамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 0,04% з «Честных людей» уключылі ў склад участковых камісійПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.