ЗША хоць і пачалі працэс выхаду з Сусьветнай арганізацыі здароўя, але выйдуць яшчэ ня хутка

У аўторак адміністрацыя Дональда Трампа пачала працэс выхаду з Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), накіраваўшы ў ААН і Кангрэс ЗША паведамленьне аб спыненьні ўдзелу ў гэтай арганізацыі з 6 ліпеня 2021 году.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Прэзыдэнт Трамп упершыню абвясьціў аб намеры ЗША пакінуць Сусьветную арганізацыю здароўя ў канцы траўня, абвінаваціўшы яе ў няздольнасьці выконваць эфэктыўна свае функцыі, а таксама ў залішне цесных сувязях з Кітаем і нежаданьні рэфармаваць дзейнасьць. «Паколькі яны не пачалі патрэбных і вельмі неабходных рэформаў, мы спынім нашыя адносіны з Сусьветнай арганізацыяй здароўя», — заявіў тады Дональд Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абама скрытыкаваў улады ЗША за пандэмію. Што адказаў Трамп

Крытыкі абвінавачваюць САЗ у запозьненай рэакцыі на пашырэньне каранавірусу ў сьвеце і ў некрытычным стаўленьні да першапачатковых зьвестак аб новым вірусе, агучаных уладамі Кітаю.

Амэрыканскія прадстаўнікі падкрэсьлівалі: САЗ беспадстаўна заяўляла, што каранавірус не перадаецца ад чалавека да чалавека, грунтуючыся на кітайскіх дадзеных. Кіраўніка САЗ таксама крытыкуюць за высокую ацэнку дзеяньняў Кітаю на пачатковым этапе пандэміі, хоць афіцыйны Пэкін, як лічыцца, далёка не адразу апублікаваў інфармацыю пра зьяўленьне вірусу ва Ўхані.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 120 краін заклікаюць да расьсьледаваньня прычын пандэміі

Некалькі амэрыканскіх заканадаўцаў выказалі нязгоду з рашэньнем прэзыдэнта Трампа. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі назвала гэтае рашэньне «вельмі бессэнсоўным крокам». Рэспубліканец Ламар Александэр, старшыня сэнацкага Камітэту здароўя, адукацыі, працы і пэнсіяў, заклікаў прэзыдэнта дзейнічаць сумесна з Кангрэсам у кірунку рэфармаваньня САЗ.

  • Кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн заявіў пра гатоўнасьць аднавіць удзел ЗША ў САЗ у першы ж дзень пасьля прыходу ў Белы дом. «Амэрыканцы ў большай бясьпецы, калі Амэрыка ўдзельнічае ва ўмацаваньні аховы здароўя ў сьвеце», — напісаў Байдэн у твітэры.
  • Згодна з умовамі выхаду, ЗША павінны выканаць свае фінансавыя абавязаньні перад САЗ да завяршэньня працэдуры выхаду. ЗША, найбуйнейшы донар САЗ, раней пералічвалі арганізацыі больш за 400 мільёнаў даляраў у год. На гэты момант Вашынгтон завінаваціўся САЗ 200 мільёнаў даляраў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ