Пад заявай падпісаліся яшчэ 4 чалавекі, якія «не пазналі» сваіх подпісаў за вылучэньне ў сябры камісіі начальніцы аддзелу кадраў ААТ «Белмэтал» Тацяны Плашчынскай.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Мянчук Алег Зыль знайшоў «свой» подпіс пад заявай выбарнікаў аб вылучэньні прадстаўніка ў склад выбарчай камісіі. Ён сьцьвярджае, што нічога не падпісваў, і просіць міліцыю праверыць факт падробкі яго подпісу.
«Я ня ставіў свайго подпісу»
На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Алег Зыль напісаў: «Народ Беларусі!!! Вось вам доказ, як за вас ставяць і будуць ставіць подпісы! Гэта адбылося са мной».
У заяве ў Заводзкае РУУС Алег Зыль напісаў, што ад яго імя пастаўлены подпіс, а таксама пазначаныя яго асабістыя дадзеныя на заяве выбарнікаў аб вылучэньні Тацяны Плашчынскай у склад выбарчай камісіі.
Алег Зыль сьцьвярджае, што ня ставіў подпісу і Тацяна Плашчынская з такой просьбай да яго не зьвярталася. З гэтай жанчынай ён наагул не знаёмы.
На пасяджэньні адміністрацыі Заводзкага раёну Менску 24 чэрвеня Тацяну Плашчынскую выбралі ў склад участковай камісіі.
Паводле Зыля, Плашчынская «скарысталася падробленым афіцыйным дакумэнтам» і зрабіла гэта «з карысьлівага альбо любога іншага інтарэсу».
Пра тое, што ягоны подпіс стаіць пад заявай, Алег Зыль даведаўся ад адваката Сяргея Зікрацкага, расказаў ён карэспандэнту Свабоды.
«Ён спытаўся, ці я падпісваў гэтую заяву выбарнікаў аб вылучэньні Плашчынскай. Я паглядзеў і сказаў, што гэта ня мой подпіс. Я ня ставіў подпісу».
Тое, што адбылося, ён пракамэнтаваў коратка: «Усе ж ведаюць, што за краіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За Лукашэнку падпісаўся? — Ня буду». Трэнэр Унівэрсытэту фізкультуры звальняецца з працы
«Пад заявай у РУУС падпісаліся 5 чалавек»
Кацярына падпісвалася за ўключэньне ў склад выбарчай камісіі кандыдата Міхалапа. Яго ў склад камісіі не ўключылі. Гэтае рашэньне адміністрацыі Заводзкага раёну вырашылі абскарджваць у судзе. Сьпіс людзей, якія нібыта падпісваліся ў падтрымку таго ці іншага кандыдата ў чальцы камісіі, ёй паказалі ў межах справы.
«Усё гэта ўсплыло ў матэрыялах справы аб скарзе на рашэньне адміністрацыі Заводзкага раёну, сярод іншага, на неўключэньне нашага кандыдата Рыгора Міхалапа ў склад камісіі на ўчастку № 90. Я была сярод грамадзян, якія яго вылучалі. Я пайшла ў суд, каб абскардзіць рашэньне адміністрацыі. Перад пасяджэньнем я азнаёмілася з матэрыяламі справы, дзе і ўбачыла заяву Плашчынскай. Гэты дакумэнт мяне зацікавіў, бо я там убачыла сярод падпісантаў сваю знаёмую і вырашыла высьветліць, ці падпісвалася тая насамрэч».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое магілёўцаў «адклікалі» подпісы за Лукашэнку — заявілі, што зьбіралі пад пагрозаміКацярына кажа, што пабачыла сьпісы за дзень да разгляду сваёй справы ў судзе, таму выклікаць у суд гэтых людзей не ўдалося. У самім працэсе хадайніцтва аб іх выкліку адхілілі.
«Яшчэ мы зацікавіліся гэтай заявай, бо ў палове выпадкаў подпісы былі пастаўлены лютым, а палова чэрвенем. Адвакат папрасіў выклікаць сьведак, усіх гэтых 11 чалавек, і саму Плашчынскую, каб яна патлумачыла, як такое выйшла. Але хадайніцтва суд адхіліў», — кажа Кацярына.
Яна паведаміла, што суд не задаволіў яе скаргі, але яна вырашыла апытаць людзей, чые подпісы стаялі ў заяве аб вылучэньні Плашчынскай.
«Зыль сказаў, што ён нічога не падпісваў і будзе пісаць заяву ў РУУС. Астатнія 9 чалавек наўпрост альбо ўскосна пацьвердзілі, што гэта ня іхныя подпісы, што яны нічога не падпісвалі. Аднаго чалавека не было дома, яшчэ адна жанчына сказала, што яна падпісвала, а мо і не, яна ня памятае, а Плашчынскай ня ведае. Плашчынскую наагул ніхто з гэтых людзей ня ведае. Прычым адзін жыве ў іншым горадзе і ня мог знаходзіцца ў Менску ні ў лютым, ні ў чэрвені, каб падпісаць гэтую заяву. У выніку 5 чалавек падпісаліся пад заявай у РУУС. Выбар Плашчынскай парушае і мае правы, бо ня выбралі «майго» кандыдата».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы нам пагражаеце?» Як ва ўстанове Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта зьбіралі подпісы за Лукашэнку (аўдыё)
«На пытаньні адказваць ня буду»
Тацяна Плашчынская працуе на прадпрыемстве «Белмэтал» начальніцай аддзелу кадраў. Яна адмовілася патлумачыць, як зьбірала подпісы за сваё вылучэньне ў склад участковай камісіі.
«Я не магу нічога вам сказаць наконт гэтага. Я вас ня ведаю і на такія пытаньні адказваць ня буду», — сказала карэспандэнту Свабоды Тацяна Плашчынская і паклала слухаўку.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.