Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў на брыфінгу 7 ліпеня, што распаўсюд COVID-19 толькі паскараецца і пік эпідэміі, відавочна, ня пройдзены.
«У той час як колькасьць памерлых [ад каранавірусу на дзень] у сьвеце глябальна зьнізілася і некаторыя краіны сапраўды дасягнулі значнага прагрэсу ў скарачэньні колькасьці сьмерцяў, у іншых краінах сьмяротнасьць па-ранейшаму расьце, — адзначыў Тэдрас. — Там, дзе быў дасягнуты прагрэс у зьніжэньні сьмяротнасьці, краіны праводзяць мэтанакіраваныя дзеяньні з найбольш уразьлівымі групамі, напрыклад людзьмі, якія жывуць ва ўстановах працяглага догляду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Графік: да дня выбараў выпадкі COVID-19 зьвядуць да нуляКрыніцу вірусу SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19, усё яшчэ ня выявілі адназначна. САЗ завяршыла падрыхтоўку міжнароднай місіі і выпраўляе экспэртаў у Кітай, дзе была першая ўспышка, каб разам з кітайскімі калегамі выявіць жывёлу, ад якой вірус трапіў да чалавека.
Тэдрас таксама анансаваў запуск дадатковай інфармацыйнай праграмы супольна з сацсеткай Facebook, падзякаваў кампаніі Google за падтрымку ў інфармаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пачалі выхад з Сусьветнай арганізацыі здароўяТым часам на раніцу 8 чэрвеня ў сьвеце выявілі амаль 12 млн выпадкаў каранавірусу. Памерлі 546,7 тысячы чалавек, выпісалі здаровымі 6,9 млн пацыентаў, але хворымі застаюцца 4,5 млн (зь іх звыш 58 тысяч у цяжкім стане). Апошнім часам штодзень выяўляюць па 160–210 тысяч новых выпадкаў на дзень (графік паказвае паступовы рост), каля 3500–5500 сьмерцяў ад каранавірусу на дзень (графік стабілізаваўся зь сярэдзіны траўня).
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ