ААН: расейскія авіяўдары ў Сырыі можна лічыць ваеннымі злачынствамі

Сям'я на руінах свайго жыльля. Арыха, сырыйская правінцыя Ідліб, 4 траўня 2020

Сырыйскія і расейскія вайсковыя самалёты рабілі авіяўдары па школах, шпіталях і рынках у правінцыі Ідліб, што можна расцаніць як ваенныя злачынствы, заключылі ў аўторак экспэрты ААН.

Як паведамляе агенцтва Reuters, у дакладзе незалежнай міжнароднай камісіі ААН гаворыцца, што ў выніку «беспрыцэльных бамбаваньняў» з боку праўладных сіл — да заключэньня перамір’я ў сакавіку — загінулі сотні людзей, а каля мільёну жыхароў Сырыі былі вымушаныя пакінуць свае дамы, што раўназначна злачынству супраць чалавечнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква і Анкара ўзгаднілі перамір’е ў Сырыі

Даклад, які ахоплівае пэрыяд зь лістапада 2019 па чэрвень 2020 году, заснаваны на інфармацыі аб палётах і на паказаньнях сьведкаў.

На расейскую вайсковую авіяцыю ўскладаюць адказнасьць за ўдар 5 сакавіка па птушкафабрыцы ў горадзе Маарэт-Місрын, дзе разьмяшчаліся вымушаныя перасяленцы, і за тры ўдары 29 студзеня побач са шпіталем у горадзе Арыха.