Уся стратэгія Лукашэнкі — «выжыць сёньня», — палітычны экспэрт

Аляксандар Лукашэнка

Палітычны экспэрт Ягор Лебядок адказвае на пытаньне, чаму ўлады пайшлі на сілавы варыянт, называе галоўную рызыку для Менску і заяўляе, што кожная выбарчая кампанія Лукашэнкі — гэта фільм жахаў пад назвай «Яны».

Сьцісла:

  • Сілавы сцэнар працуе, бо «няма чалавека — няма праблемы»
  • Ёсьць толькі адна замежнапалітычная рызыка для Лукашэнкі — гэта калі Расея не прызнае вынікі гэтых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі
  • Лукашэнка — вельмі ўтульны для Расеі прэзыдэнт з гледзішча паступовага праглынаньня Беларусі
  • Ніякіх рэформаў пры Лукашэнку ня можа быць

— Чаму ўлада павяла сябе менавіта так у гэтай выбарчай кампаніі, абраўшы сілавы варыянт? Няўжо ў яе разуменьні не было іншага, мякчэйшага шляху? Як праявілі сябе сілавыя структуры, выконваючы палітычныя загады?

— Можна меркаваць, што іншы варыянт на разглядзе ва ўладаў быў. Ішла піяр-кампанія пад дэвізам «Трэба ўсім аб’яднацца вакол Лукашэнкі, у абароне незалежнасьці». Тут можна ўзгадаць і ліст Прэйгермана, дый іншае. І гэтая кампанія працавала б далей, калі б альтэрнатыўныя прэтэндэнты былі «як заўсёды» — можа і апазыцыйныя, але зь невялікай падтрымкай.

Ягор Лебядок

Але потым зьявіліся зусім іншыя кандыдаты. З аднаго боку, зьнізу, з пратэставага народнага электарату, — Ціханоўскі, зь іншага боку — Бабарыка. І атрымалася, што той электарат, які быў супраць Лукашэнкі, але не ішоў у палітыку — сёньня ў палітыку прыйшоў. І дзяржаўная ідэалёгія не знайшла адказу на гэта. Таму ім і застаўся толькі сілавы сцэнар. Тыя, хто даўно ў беларускай палітыцы — ведалі, што так і будзе. А ў новых людзей у палітыцы гэта выклікала шок і азлобленасьць.

І трэба сказаць, што сілавы сцэнар працуе. Бо «ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека — няма праблемы». Калі Ціханоўскі і Бабарыка за кратамі — дык мы бачым, як паступова ўсё сьціхае.

Калі казаць пра сілавікоў, то варта паглядзець зь іх пункту гледжаньня. Усе тыя рухі і актыўнасьці, якія цяпер адбываюцца — яны іх разглядаюць як першапачатковыя этапы для каляровых рэвалюцыяў. І калі яны гэта бачаць, то доўга ня думаюць, а хочуць вырашыць праблему. Якія гэта прынясе наступствы для краіны, ім гэта ня важна. Спачатку трэба гэта спыніць, а потым ужо думаць, як гэта будзе выглядаць.

— Цяперашнія крокі ўлады, відавочна, прынясуць ёй шмат праблемаў, як у замежнай палітыцы, гэтак і ва ўнутранай. Чаму ўлады гэта проста ігнаруюць? Або яны вырашылі, што цяпер самае галоўнае — захаваць уладу, а да чаго прывядуць мэтады, якія прымяняюцца, — гэта ўжо праблема наступная, падумаем пра яе потым?

— Так, бо галоўная стратэгія Лукашэнкі — гэты «выжыць сёньня». А заўтра будзем думаць, што будзе заўтра. Таму ён задзейнічаў усе рэсурсы менавіта для гэтага — каб выжыць сёньня.

Калі браць магчымую замежную рэакцыю — то цяпер такія праблемы ў Эўропе і ЗША, што ім трошкі не да Беларусі. Плюс Лукашэнка наладзіў хоць нейкія ўзаемаадносіны з Эўропай, і ў Эўропе ёсьць пэўнае разуменьне, як ён будзе дзейнічаць у замежнай палітыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці, — палітоляг

Таму Менск заканамерна не зьвяртае ўвагі на нейкія замежнапалітычныя рызыкі. Ёсьць толькі адна замежнапалітычная рызыка для Лукашэнкі — гэта калі Расея не прызнае вынікаў гэтых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады гэта будзе канец усёй гэтай сыстэме.

— А як бы вы ацанілі імавернасьць такога варыянту — непрызнаньня Расеяй? Па-мойму, гэта вельмі нерэалістычна.

— Да прыняцьця паправак у Канстытуцыю Расеі гэта было цалкам неверагодна. Цяпер гэта таксама малаімаверна, але гэта такі рычаг, які заўсёды будзе ў руках Масквы. Лукашэнка даволі «ўтульны» для Масквы прэзыдэнт у сэнсе ўплыву на Беларусь і доўгатэрміновага паглынаньня. Лукашэнка ж казаў, што Расея для яго — гэта ідэалёгія, якую нельга выкінуць з галавы. Масква працуе стратэгічна, яны ўмеюць чакаць.

— Магчыма, афіцыйны Менск лічыць, што дэмакратыя і «лібэралізацыя» — гэта ў сьвеце ўжо «ня модна» і што аўтарытарызм цяпер успрымаецца спакайней і ляяльней? Можна ўзгадаць і «славутае» інтэрвію Натальлі Эйсмант, дзе яна казала пра дыктатуру як беларускі брэнд.

— Пасьля заканчэньня халоднай вайны ўжо няма такога жорсткага адпрэчваньня народамі заходніх краін аўтарытарызмаў і дыктатуры. На Захадзе ёсьць крызіс ідэалёгіі, дэмакратычныя і лібэральныя каштоўнасьці ўжо не настолькі неаспрэчныя, як раней. Таму і стаўленьне да дыктатур цяпер спакайнейшае — маўляў, трэба і зь імі супрацоўнічаць, «рэалпалітык».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Латвія ня сябар лукашэнкаўскага рэжыму», — экс-прэзыдэнтка Вайра Віке-Фрэйбэрга

— Упартае нежаданьне Аляксандра Лукашэнкі мяняцца, ісьці на неабходныя (хаця б ня самыя радыкальныя, але патрэбныя) краіне рэформы ў многіх сфэрах — гэта сьведчаньне нейкіх ягоных асабістых якасьцяў ці пэўная згода сярод шырокіх слаёў у кіроўных элітах? Гэта роля адной асобы ці ёсьць нейкая згода кіроўных эліт, што ў Беларусі ня трэба радыкальных зьменаў?

— Тут менавіта роля асобы. Лукашэнка стварыў сыстэму, у якой усё завязана на яго. І ўсе «крэпкія хазяйсьцьвеньнікі» ходзяць да яго — каб атрымаць крэдыт ці сьпісаць крэдыт. На гэтым уся сыстэма і пабудаваная. Калі праводзіць эканамічныя рэформы, дэцэнтралізацыю, — то сам Лукашэнка будзе ўсё меней патрэбны ў эканамічным жыцьці. Ён гэта разумее, і таму ніякіх рэформаў пры ім ня будзе.

Колькі было «прагрэсіўных» міністраў эканомікі, іншых чыноўнікаў, нават рэфармісцкія прэм’еры — але нічога не адбывалася. Была і застаецца беларуская эканоміка — эканоміка даўгоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК расказала, колькі подпісаў здалі за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Сьпіс

Калі казаць пра інвэстыцыйны клімат, то тут добры выпадак — канфлікт Цапкалы і турэцкага прадпрымальніка. Што паказаў гэты канфлікт? Па-першае, калі ты ўваходзіш з буйным праектам у беларускую эканоміку — то гэта адразу карупцыя, прычым на высокіх паверхах. Па-другое, тых, хто «бярэ» — не саджаюць. І трэцяе — цябе яшчэ скарыстаюць у палітычных мэтах.

Ва ўсіх усясьветных кампаніях навучаюць, што з карумпаванымі рэжымамі лепш ня мець ніякіх справаў. Таму ўсе інвэстыцыі, якія будуць, — гэта беларускія ці расейскія грошы праз афшоры, альбо туркі, кітайцы — тыя краіны, якія разумеюць і прымаюць беларускую «спэцыфіку».

— У выпадку, калі Лукашэнка застаецца ва ўладзе пасьля 9 жніўня, якія варыянты чакаюць Беларусь у сацыяльна-эканамічным і геапалітычным аспэктах?

— Самы цікавы момант — што будзе з той палітычнай актыўнасьцю людзей, якая зьявілася ў апошнія месяцы. У людзей актыўных нарастае абурэньне і жаданьне нешта зрабіць. І зараз вельмі важны момант. Калі Лукашэнку ўдасца зьбіць гэтую актыўнасьць, прыціснуць гэтую хвалю, нарадзіць апатыю — то яму нічога ня будзе пагражаць бліжэйшыя гады. Калі ж народ гэтую актыўнасьць захавае, зразумее, што нават 9 жніўня яшчэ нічога ня скончыцца — то ва ўлады будуць праблемы. Прытым актыўнасьць гэтая павінна быць дэцэнтралізаваная, бо цэнтралізаваную сілавікі навучыліся спыняць, арыштоўваючы лідэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калінкіна: Для Лукашэнкі ўлада — галоўная каштоўнасьць, галоўная мэта, галоўнае каханьне

— А рэзкі эканамічны спад можа прывесьці да сацыяльнага выбуху?

— Пагаршэньне эканамічнага стану мае дваістае ўзьдзеяньне. З аднаго боку, расьце незадаволенасьць уладамі. Зь іншага боку, калі чалавеку няма чаго есьці, — ён думае пра тое, як выжыць. І гэта разумеюць прапагандысты. Таму заўсёды можна дадаць замежнага ворага. Заўважце, усе прэзыдэнцкія кампаніі Лукашэнкі — гэта рымэйк аднаго фільму жахаў пад назвай «Яны». І гэтыя «яны» заўсёды нейкія расплывістыя, неканкрэтныя, — «яны хочуць расхістаць», «яны ствараюць пагрозу незалежнасьці».

Натуральна, напрыканцы году будзе спад эканомікі. Але гэта аўтаматычна не азначае ўздыму пратэставага руху. Паўтаруся, калі сёньняшняя актыўнасьць не спадзе — то нейкіх зьменаў можна чакаць. Калі ж нахлыне апатыя, нехта зьедзе ў эміграцыю — то ўсё застанецца.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.