Ці не адкіне ўлада рэфэрэндум на той ці іншай падставе? Хіба народ прагне новай Канстытуцыі? Ці мэта ініцыятывы — стварэньне партыі Бабарыкі?
На гэтыя і іншыя пытаньні журналістаў Свабоды Юрыя Дракахруста і Аляксея Знаткевіча адказаў Максім Знак, юрыст патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.
Дракахруст: Пасьля таго як Віктар Бабарыка апынуўся за кратамі, ягоная каманда абнародавала відэазварот, у якім палітык заклікаў правесьці канстытуцыйны рэфэрэндум, вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году. Колькі людзей падтрымалі гэтую прапанову, далучыліся да ініцыятыўнай групы?
Знак: За тыдзень, які мы адводзілі на фармаваньне ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за рэфэрэндум, было каля 15 тысячаў заявак. Гэтага больш чым дастаткова для фармаваньня такой групы. Там трэба, каб была прыкладна аднолькавая колькасьць ад кожнай вобласьці і Менску, таксама трэба натарыяльна завяраць кожны подпіс сябра ініцыятыўнай групы. Цяпер мы шукаем пляцоўку для абмеркаваньня і для сходу сяброў групы.
Знаткевіч: Крытыкі вашай ініцыятывы кажуць, што гэта шлях, у канцы якога — яма, якую відаць ужо адсюль. Вы сабралі больш за 400 тысячаў подпісаў за рэгістрацыю Віктара Бабарыкі кандыдатам. Большую частку подпісаў Цэнтральная выбарчая камісія палічыла несапраўднымі. Вырашаць пытаньні з рэфэрэндумам будзе таксама ЦВК. Калі яна вырашыць не на вашую карысьць, дык што далей?
Знак: Кожны можа паглядзець, які шлях прайшлі ініцыятыўныя групы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Кожны можна адказаць на пытаньне — ці дарма былі сабраныя гэтыя сотні тысячаў падпісаў за іх?
На мой погляд, гэта было не дарма, і гэта былі дэмакратычныя, пазытыўныя зьмены ў нашым грамадзтве.
І калі нават будзе нейкая яма напрыканцы, сам працэс агітацыі за рэфэрэндум, збору подпісаў ужо на карысьць краіне.
Я нагадаю, што ў траўні, на пачатку кампаніі, гаварылася, што ў цяперашніх умовах пандэміі сабраць нават 100 тысячаў подпісаў немагчыма. У нас ужо зьмянілася рэчаіснасьць, і рэфэрэндум таксама можа шмат што зьмяніць. Перш за ўсё — у думках людзей, якія цяпер кажуць, што нічога не атрымаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заклікаў правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году. ВІДЭАЗнаткевіч: Ці правільна я вас зразумеў, што для вас важнейшы сам працэс збору подпісаў?
Знак: Не. Працэс — гэта добра само па сабе. Але робім мы дзеля выніку.
Дракахруст: Зьбераце вы, скажам, 600 тысячаў подпісаў. Будзе тое, што адбылося з подпісамі за Бабарыку. Прызнаюць, што сапраўдных менш за 450 тысячаў, і адмовяць у правядзеньні рэфэрэндуму. Ці нават ЦВК прызнае, дазволіць рэфэрэндум, а Лукашэнка адмовіцца праводзіць рэфэрэндум? Каму вы будзеце скардзіцца на адмову?
Знак: Калі сабраць 500 тысячаў подпісаў — можа ў нас і забракуюць палову і ня будзе 450 тысячаў патрэбных. Але калі мы зьбяром 2 мільёны подпісаў, гэта будзе іншая рэчаіснасьць. Мы цяпер маем досьвед збору подпісаў, мы спрактыкаваныя.
Калі прэзыдэнт не падпіша ўказ аб правядзеньні рэфэрэндуму.... Тое, што цяпер адбываецца, немагчыма растлумачыць з пункту гледжаньня заканадаўства. Чым больш будзе парушэньняў, невыкананьня сваіх абавязкаў, і чым больш людзей будуць пра гэта ведаць, гэта будзе ўласны досьвед кожнага з тых мільёнаў, якія падпішуцца за гэты рэфэрэндум. І гэта таксама паўплывае на сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчыма вярнуць Канстытуцыю 1994 году? Разьбіраемся з экспэртаміЗнаткевіч: Ці будзе залежаць сцэнар працы з рэфэрэндумам ад таго, ці зарэгіструюць Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзыдэнты?
Знак: Галоўнай мэтай застаецца прэзыдэнцкая кампанія. На яе вельмі мала часу. Кампанія за рэфэрэндум — там больш павольны трэк. Калі пройдзе абмеркаваньне, калі будзе зарэгістраваная ініцыятыўная група, зробленыя ўсе натарыяльныя працэдуры, дакумэнты будуць пададзеныя ў ЦВК, то будзе пэўная паўза. Гэта не канкуруючыя ініцыятывы, адна дапаўняе другую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка хоча вярнуць Канстытуцыю 1994 году. Коратка пра тое, чым яна адрозьніваецца ад сучаснайДракахруст: Ці такая гэта актуальная тэма для грамадзтва — зьмена Канстытуцыі? Людзі хочуць большых заробкаў, большай справядлівасьці. А падзел уладаў, абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў — хіба гэта тое, чаго прагнуць цяпер беларусы?
Знак: Гэта ўзаемазьвязаныя рэчы. Канстытуцыя як Асноўны закон дзяржавы вызначае літаральна ўсё ў гэтай дзяржаве. Кандыдат, які абяцае нешта наконт, скажам, заробкаў, — ён можа гэта выканаць, калі стане прэзыдэнтам. Але, скажам, абмежаваць колькасьць тэрмінаў, якія адна асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, можна толькі праз рэфэрэндум. Мяняць Канстытуцыю можа толькі народ. Сваёй прапановай рэфэрэндуму Віктар Бабарыка выконваў свае абяцаньні, якія ён даваў падчас кампаніі. Важна гэта для народу ці не — гэта высьветліцца ў працэсе збору подпісаў. Калі няважна, дык людзі і ня будуць падпісвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году — гэта крок назадЗнаткевіч: Піша наш глядач: «Пад дыктатурай рэфэрэндум не спрацуе, а пасьля дыктатуры рэфэрэндум будзе непатрэбны, бо вернецца законная Канстытуцыя».
Знак: Прайшло 24 гады з канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году. За гэты час было шмат спробаў заявіць, што зьмены ня дзейнічаюць, што ў нас застаецца Канстытуцыя 1994 году. Можна верыць у тое, што некалі ў будучыні настане момант, калі можна будзе вярнуцца ў 1994 год. Гэта ня шкодзіць. Але калі мы зьбіраемся рэфармаваць дзяржаву, мае сэнс спытацца ў народу.
Калі прыйдзе новая ўлада, абраная па цяперашняй Канстытуцыі, то як яна можа заявіць, што заўсёды дзейнічала Канстытуцыя 1994 году? Гэта ж падарве яе легітымнасьць, яна ж была абраная паводле Канстытуцыі са зьменамі 1996 году. Атрымліваецца нонсэнс.
Канстытуцыя 1994 году была неідэальная. Але калі параўнаць яе з Канстытуцыяй са зьменамі 1996 году, то вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году шмат што выпраўляе ў балянсе галінаў улады.
Калі мы гаворым пра рэфэрэндум, які прызначаецца праз збор подпісаў, то пытаньне можа быць толькі вельмі адназначнае. Вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году — пытаньне простае, і цяжка будзе сказаць, што гэта неканстытуцыйная прапанова. Як толькі мы прапануем нейкую сваю Канстытуцыю, да кожнай старонкі можа быць шмат пытаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Бабарыкі падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне публічнай сустрэчы з ініцыятарамі канстытуцыйнага рэфэрэндумуДракахруст: Фармаваньне партыі Бабарыкі, партыі рэфэрэндуму — ці ня ў гэтым мэта вашага праекту? Такая мэтафара: Калюмб шукаў шлях у Індыю, але адкрыў Амэрыку. Мэты заяўленай як бы не дасягнуў, але плён быў. Вашая мэта — адкрыць палітычную «Амэрыку», стварыць палітычную сілу прыхільнікаў Бабарыкі?
Знак: Ужо ёсьць дастаткова людзей, якія падтрымліваюць Віктара Бабарыку. І калі б стварэньне партыі было мэтай, ня трэба было б прыдумляць такія складаныя рэчы, як рэфэрэндум. Рэфэрэндум патрэбны для таго, пра што мы казалі. Але на шляху да гэтага рэфэрэндуму будуць адбывацца іншыя добрыя рэчы, пра якія я сказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтую хвалю ўжо немагчыма спыніць», — каардынатарка штабу Бабарыкі пра рамантыкаў і новых беларусаўЗнаткевіч: У сытуацыі, калі Віктара Бабарыку арыштавалі, яго штаб заклікаў людзей не выходзіць на акцыі салідарнасьці і пратэсту, каб не перашкодзіць рэгістрацыі. У сытуацыі, калі Віктара Бабарыку не зарэгіструюць, калі подпісы за рэфэрэндум ня будуць прынятыя, калі ініцыятыўную групу рэфэрэндуму не зарэгіструюць — якія мэтады ўзьдзеяньня з боку грамадзтва на дзяржаву дапускае штаб Віктара Бабарыкі?
Знак: Нам кожны дзень задаюць гэтае пытаньне — што мы будзем рабіць 14 ліпеня, у апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў, што мы будзем рабіць 9 жніўня, у дзень выбараў. Я адкажу гэтак жа, як адказваў Віктар Бабарыка — мы будзем выкарыстоўваць увесь арсэнал мэтадаў уплыву на дзяржаву, які дазволены нашым заканадаўствам.
Пакуль мы не знаходзімся ў сытуацыі, у якой ёсьць патрэба ва ўсіх гэтых сродках. Пакуль мы выкарыстоўваем ня ўсе зь іх, таму што гэта вялікая адказнасьць і небясьпека ў пэўнай ступені для тых, хто падтрымлівае Віктара Бабарыку. Як толькі ЦВК абвесьціць сваё рашэньне пра рэгістрацыю альбо нерэгістрацыю, адразу будзе рэакцыя штабу на гэтую абвестку. І ўсе пра гэта даведаюцца ў той жа момант.