Аляксандар Лукашэнка сказаў, што з пандэміяй «мы справіліся».
У мяне няма сумневу, што два месяцы таму Міністэрству аховы здароўя было загадана, каб колькасьць інфікаваных каранавірусам на дзень не перавышала трохзначнай лічбы — дзевяцьсот зь нечым. І ня больш. Так і было некалькі тыдняў, хоць гэта супярэчыла альгарытму росту пандэміі практычна ва ўсіх краінах сьвету.
А потым гэтая афіцыйная статыстыка пачала зьніжацца.
Цяпер Лукашэнка заяўляе пра перамогу і, трэба ж здарыцца такому супадзеньню, у Віцебску адразу адмянілі прынятыя раней абмежаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся»Нядаўна я быў у Віцебску, і знаёмыя мэдыкі мне казалі, што сытуацыя з каранавірусам застаецца няпростай. Яна лепшая, чым два месяцы таму, але значна горшая, чым кажуць улады.
Ва ўсякім разе, ні пра якую перамогу гаворкі нават у агляднай будучыні быць ня можа.
Афіцыйнай статыстыкі па Віцебску — як не было, гэтак і няма. Што зразумела: Лукашэнка ж загадаў, каб — бяз панікі! З розных гарадоў ідуць паведамленьні, што мэдыкам забаронена ставіць дыягназ «каранавірус». Пнэўманія! А з пнэўманіяй можна і дома паляжаць.
Цяпер, пасьля словаў пра перамогу, можна не сумнявацца, што да дня прэзыдэнцкіх выбараў колькасьць інфікаваных дойдзе да нуля.
Мой калега Аляксандар Арсёнаў адсочвае колькасьць інфікаваных у Беларусі менавіта паводле афіцыйнай статыстыкі, і вось які цікавы графік у яго атрымаўся: калі дынаміка будзе захоўвацца (а ў гэтым сумнявацца не выпадае), на нуль Беларусь выходзіць акурат 7–8 жніўня.
За дзень да галасаваньня агітацыя забароненая – але не забаронена заявіць пра перамогу, цяпер ужо зь лічбамі.
Словам, усё для элегантнай перамогі. Не над каранавірусам, вядома, — над палітычнымі апанэнтамі. Ну, і над народам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску зьнялі «каранавірусныя» абмежаваньні