Уладальнік крамы нацыянальнай сымболікі Symbal.by Павал Белавус дамовіўся з Савецкім раённым аддзелам надзвычайных сытуацый Менску ліквідаваць выяўленыя парушэньні.
Павал Белавус наведаў райаддзел, які 29 чэрвеня падаў у Эканамічны суд Менску заяву аб прыпыненьні дзейнасьці крамы.
«Падчас размовы з намесьнікам начальніка аддзелу МНС удалося дамовіцца, што выяўленыя ў нас парушэньні мы ў найбліжэйшы час выправім. Узамен ў судзе, які адбудзецца 16 ліпеня, яны пацьвердзяць, што прэтэнзій да нас няма. Спадзяёмся, на гэтым уся гісторыя скончыцца», — паведаміў БелаПАН уладальнік крамы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Symbal.by не спыніў дзейнасьць на прапанову МНС. У адказ МНС падаў у судПаводле яго, выяўленыя 23 чэрвеня інспэктарам МНС парушэньні ў працы крамы нязначныя. Таксама яму далі раздрукоўку ананімнай скаргі, аўтар якой наракаў на староньнія пахі ў краме.
«Аб паходжаньні гэтага ліста мне не паведамілі, але адзначылі, што абавязаны на такія заявы рэагаваць. Інспэктар прыйшоў у сувязі з гэтым, а паралельна знайшоў іншыя парушэньні. Але ніякіх пахаў у памяшканьні крамы не было», — сказаў дырэктар Symbal.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разгром Symbal.by: нацыянальнае «прыватызуецца» дзяржавайБелавус таксама адзначыў, што электразабесьпячэньне адноўлена і цяпер трэба актам праверкі пацьвердзіць працаздольнасьць пажарнай сыстэмы.
«У адзін дзень зьнікла электрычнасьць. Электрык сказаў, што ў электрашчытавой адсутнічае дэталь, якая замыкае сетку да нашага памяшканьня. Куды падзеўся гэты элемэнт, невядома. Адмаўляўся прыходзіць электрык ЖЭУ-2 Савецкага раёну, кажучы, што ў нас няма дамовы на абслугоўваньне юрыдычнага памяшканьня. Некалькі тыдняў мы патрацілі на тое, каб заключыць дадатковыя дамовы, і толькі пасьля гэтага праблему ліквідавалі. І якраз у момант адсутнасьці электрычнасьці прыйшла праверка з МНС», — сказаў Белавус.
Ціск на Symbal.by пачаўся 12 чэрвеня пасьля канфіскацыі ў кур’ера 419 маек з надпісам «ПСІХО3%».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы каля Symbal.by хлопец напісаў заяву на АМАП. Сьцвярджае, што яго ўдарылі15 чэрвеня супрацоўнікі аддзелу ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС Менска правялі агляд крамы Symbal.by. Былі складзеныя пратаколы, канфіскавалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.
23 чэрвеня Symbal.by абвясьціў аб спыненьні працы з 29 чэрвеня. У той жа вечар людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай. Да крамы пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, пачаліся затрыманьні. У дачыненьні да некаторых склалі пратаколы паводле артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы) і 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).