Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня склалі ў эквіваленце 8,8957 мільярда даляраў, паведаміў Нацыянальны банк. Гэта на 916,4 млн даляраў, або на 11,6%, больш, чым месяц таму, хоць за чэрвень Беларусь пазычыла 1,25 млрд даляраў.
За травень золатавалютныя рэзэрвы практычна не зьмяніліся — зьнізіліся на 0,05%. З пачатку году рэзэрвы скараціліся на $597,8 млн або 6,4%.
«Асноўным фактарам росту ўзроўню золатавалютных рэзэрваў у чэрвені стала паступленьне сродкаў ад разьмяшчэння Міністэрствам фінансаў эўрааблігацыяў, — тлумачыць Нацбанк. — Таксама павелічэньню рэзэрваў спрыяў рост цаны манэтарнага золата. У чэрвені 2020 году ўрад і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выканалі вонкавых і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце на суму каля $287 млн».
У чэрвені Беларусь разьмясьціла два выпускі эўрабондаў на агульную суму $1,25 млрд, таксама ў лютым разьмяшчала эўрабонды на $600 млн, у красавіку разьмясьціла ў Расеі аблігацыі на 133,8 млн даляраў.
Іншых тлумачэньняў прычынаў росту рэзэрваў Нацбанк не дае — толькі адзначае, што ў плянах ураду было, каб на 1 студзеня 2021 году золатавалютныя рэзэрвы складалі ня менш за $7,3 млрд. Гэта на паўтара мільярда менш, чым ёсьць цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 8,9 мільярда рублёў у параўнаньні зь мінулым годам. Як беларускія прадпрыемствы працуюць ва ўмовах пандэмііУ сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназавала, што ўзровень рэзэрваў да канца года апусьціцца ніжэй за тую адзнаку, якую чакаюць улады.
Згодна з прагнозам Fitch, беларускія рэзэрвы да канца года складуць $7,1 млрд. На думку аналітыкаў агенцтва, зьніжэньне рэзэрваў будзе абумоўленае пагашэньнем Беларусьсю дзяржаўнага доўгу і больш нізкім аб'ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнаньні з папярэднімі гадамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 458 мільёнаў рублёў стратаў за 4 месяцы. Што адбываецца з эканомікай і хто яе ўратуе?Ці ў чэрвені ў Беларусі спыніўся эканамічны крызіс, з афіцыйнай статыстыкі пакуль невядома: апошнія зьвесткі на момант публікацыі ёсьць за травень.
Вядома, напрыклад, што за студзень–травень 2020 году валавы ўнутраны прадукт склаў толькі 98,2% ад таго, што было за студзень–травень 2019 году. Падзеньне назіралася ў прамысловасьці, гандлі і транспарце, але быў рост у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і сувязі. Сусьветны банк прагназаваў Беларусі вялізны спад эканомікі. Ды Міністэрства эканомікі чакае аднаўленьня вытворчай актыўнасьці ў трэцім квартале бягучага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы прэм'ер паабяцаў падтрымаць малы і сярэдні бізнэс