ЗША асудзілі атаку Пэкіна на дэмакратыю ў Ганконгу

Затрыманьне пратэстоўцаў у Ганконгу, 1 ліпеня

Камуністычная партыя Кітаю працягвае разбураць свабодны Ганконг, рэалізуючы сцэнар, варты пяра Джорджа Орўэла, заявіў у панядзелак, 6 ліпеня дзяржсакратар Майк Пампэо.

«Не пасьпела высахнуць чарніла на рэпрэсіўным законе аб нацыянальнай бясьпецы, як мясцовыя ўлады, дзейнічаючы паводле Орўэла, стварылі цэнтральнае дзяржаўнае кіраваньне нацыянальнай бясьпекі, пачалі прыбіраць кнігі з крытыкай Камуністычнай партыі Кітаю зь бібліятэчных паліц, забаранілі палітычныя лёзунгі і цяпер патрабуюць ад школ забясьпечыць цэнзуру», — перадае «Голас Амэрыкі» заяву Пампэо.

Паводле Пампэо, «да гэтага часу Ганконг квітнеў, таму што там дапускалася свабода думкі і свабода слова пры незалежным правасудзьдзі. З гэтым пакончана».

ЗША асуджаюць «неаднаразовае невыкананьне Пэкінам сваіх абавязаньняў у Кітайска-брытанскай сумеснай дэклярацыі» і атаку на правы і свабоды ганконгцаў з боку ўладаў Кітаю, пацьвердзіў Пампэо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт КНР прыняў закон аб нацыянальнай бясьпецы ў Ганконгу. Што гэта значыць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША жорстка адрэагавалі на ўхвалены Пэкінам «ганконскі закон»