Ізраіль ізноў увёў шэраг абмежаваньняў для барацьбы з каранавірусам. Зноў зачынілі бары і спартовыя залі. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Падчас адмысловай нарады ўраду па пытаньнях эпідэмічнай сытуацыі прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль павінен зьмяніць палітыку, каб пазьбегнуць больш шырокага локдаўну, які можа паралізаваць эканоміку краіны. У Ізраілі ўзровень беспрацоўя ўжо перавысіў 20%. Банк Ізраілю прагназуе эканамічны спад на 6%.
«Пандэмія распаўсюджваецца — гэта ясна, як дзень. Яна штодня пашыраецца, і пакідае, насуперак таму, што нам казалі, сьлед цяжкахворых пацыентаў», — сказаў Нэтаньягу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У паведамленьні ўраду адзначаецца, што акрамя закрыцьця бараў, начных клюбаў, трэнажорных заляў, колькасьць наведнікаў рэстарацыяў не павінная перавышаць 20 чалавек у памяшканьні, і 30 чалавек — на адкрытым паветры.
Сынагогі могуць прымаць ня больш за 19 вернікаў, а аўтобусам дазволена перавозіць ня больш як па 20 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбалісты хварэюць на СOVID-19, чэмпіянат працягваецца, Фэдэрацыя футболу маўчыцьЭпідэміёляг Хагай Левін заявіў, што Ізраіль не падрыхтаваўся да выхаду з карантыну.
«Вопыт Ізраіля павінен стаць урокам для ўсіх краін: вы ня можаце пераходзіць ад адной крайнасьці да іншай, ад поўнага локдаўну да хуткага, шырокага зьняцьця абмежаваньняў без належнага плянаваньня», — сказаў прафэсар Габрэйскай школы грамадзкага здароўя ўва ўнівэрсытэце Хадашдах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне трэба было заразіць жонку?» Суд аштрафаваў актывіста «за парушэньне самаізаляцыі»«Мы павінныя дзейнічаць на аснове дадзеных і засяроджвацца на групах насельніцтва з высокай рызыкай захворваньня. Каранавірус будзе з намі доўга. Гэта маратон, а не спрынт», — сказаў Левін.
У Ізраілі больш за 30 тысячаў людзей захварэлі на COVID-19, 332 чалавекі памерлі.