Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці, — палітоляг

пікет збор подпісаў Лукашэнка Горадня

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае, чаму ў гэтай кампаніі Лукашэнка ня мае ніякай станоўчай праграмы і пэрспэктывы для краіны, тлумачыць, чаму ўладам не спадабалася нават памяркоўная лібэралізацыя і яны яе згарнулі, і заяўляе, што ўсё, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам зьнішчана.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сьцісла

  • Адыход ад лібэралізацыі пачаўся ў Беларусі прыкладна два гады таму
  • Чаму зараз улады нават не спрабуюць сфармуляваць нейкую візію на будучыню? Збой сыстэмы
  • Калі можна будзе ўтрымаць уладу толькі сілавымі захадамі, без электаральнай падтрымкі — дык навошта заваёўваць сымпатыі большасьці?
  • Сілавыя крокі ўлады падчас гэтай кампаніі адназначна прывядуць да пэўнай замежнапалітычнай ізаляцыі.
  • Наіўна было чакаць, што ўсе апазыцыйныя людзі пачнуць любіць Лукашэнку і класьціся за яго пад шпалы.

— Улада відавочна выбрала сілавы шлях у гэтай прэзыдэнцкай кампаніі — але наколькі гэта было непазьбежна? Фактычна, мяркую, напачатку плян быў зусім іншы — каб выбары прайшлі спакойна і «элегантна». Але давялося прыбегнуць да старых, добра знаёмых рэпрэсіяў. Можа, улада пераацаніла пагрозу для сябе і занадта жорстка адрэагавала? Ці сапраўды пагроза ёй настолькі сур’ёзная?

— Тут два моманты. Па-першае, мы назіраем правал на шмат якіх кірунках унутры самой сыстэмы, у тым ліку па лініі спэцслужбаў. Адыход ад лібэралізацыі пачаўся ў Беларусі прыкладна два гады таму. Рубяжом былі мясцовыя выбары ў 2018-м. Сыстэма ўсё больш закрывалася. У выніку яны загадзя не пралічылі ні Ціханоўскага, ні Бабарыку, інфармацыйна цалкам перасталі трапляць у настроі насельніцтва.

Андрэй Казакевіч

Па-другое, улада проста лянуецца гуляць больш складана. У мяне такое адчуваньне, калі я гляджу на выступы Лукашэнкі: раней ён спрабаваў спадабацца большасьці, выбіраў фразы, рыторыку — а цяпер неяк лянуецца працаваць у гэтым кірунку, падладжвацца пад аўдыторыю. Стаўка была зроблена проста на сілу і рэпрэсіі. Хоць было шмат іншых мэханізмаў, якія можна было выкарыстоўваць цягам гэтай кампаніі.

І гэта будзе мець відавочныя нэгатыўныя наступствы, якіх сыстэма мусіла б пазьбягаць усімі сродкамі.

— Ужо на выбарах у 2015 годзе Лукашэнка не даваў папулісцкіх і фінансавых абяцаньняў, ужо тады абыходзілася без раздачы падарункаў. Але цяпер нейкі іншы этап — няма ня толькі абяцаньняў, няма ніякай праграмы, не прадстаўлена ніякая пэрспэктыва для краіны ў выпадку пераабраньня.

— Так. Але ў 2015 годзе былі іншая сытуацыя. Была Ўкраіна, і на гэтым фоне наяўнасьць нейкай «стабільнасьці» ўжо была значным пасланьнем для насельніцтва. Па-другое, былі істотныя чаканьні зьменаў, калі не рэформаў. І зьмены, у прынцыпе, адбываліся, асабліва ў зьнешняй палітыцы. Былі чаканьні эканамічных рэформаў, лібэралізацыі. То бок тады быў дастаткова выразны мэсыдж, атмасфэра ў краіне была зусім іншая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорная скрыня» Ярмошынай: як лічылі подпісы

Чаму цяпер улады нават не спрабуюць сфармуляваць нейкую візію на будучыню? Акрамя як збоем сыстэмы, я гэта не магу патлумачыць. Гэта трэба было рабіць загадзя, некалькі месяцаў таму. Гэтага не адбываецца, і гэта відавочная памылка. Не было нават прэзыдэнцкага пасланьня ці Ўсебеларускага Сходу.

Усё зводзіцца да формулы — «калі вы хочаце, каб была нейкая стабільнасьць, то ў вас ёсьць я. А калі хочаце хаосу і крыві — паспрабуйце сказаць „не“». Вельмі нелягічная пазыцыя, небясьпечная.

— Паўтараецца амаль у кожным выступе Лукашэнкі пра «страшныя 90-я», пра пагрозу незалежнасьці, пра замежных лялькаводаў. Няма ніводнага пазытыўнага лёзунгу, ніводнай станоўчай праграмы дзеяньняў, пэрспэктывы. Абараніць тое, што ёсьць — адзіная фактычна праграма. Гэтым можна прывабіць выбарнікаў? Ці гэта проста часовая рыторыка?

— У мяне такое адчуваньне, што гэтая рыторыка ўжо незваротная. Калі гэта спрацуе і можна будзе ўтрымаць уладу толькі сілавымі захадамі, без электаральнай падтрымкі — дык усё, навошта тады нешта прыдумляць, каб заваёўваць сымпатыі большасьці? Тым больш што ніякіх новых ідэяў няма — ні ў атачэньні прэзыдэнта, ні ў яго самога. Працуе толькі адна, «абарончая» лінія. Падаецца, што «рэформы» і «лібэралізацыя» ўладай успрымаюцца як асноўная прычына падзеньня рэйтынгу ды іншых складанасьцяў, прычына таго, што пачалі зьяўляцца альтэрнатыўныя кандыдаты. Зараз вельмі вялікая верагоднасьць, што сыстэма проста закрыецца ў сваім кокане і перастане думаць пра тое, што трэба фармуляваць нейкае бачаньне будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тысячагадовая гісторыя» і перамога над фашыстамі. Лукашэнка павіншаваў з Днём Рэспублікі

— Лукашэнка палохае рэформамі, маўляў, у выніку адны наб’юць кішэні, іншыя пачнуць хадзіць з пустымі каструлямі. Фактычна ён прызнае, што пры ягоным кіраваньні істотных зьменаў ня будзе — «у нас і так усё добра, трэба захаваць тое, што ёсьць». Якая частка насельніцтва Беларусі можа на сёньня задавальняцца статус-кво?

— Лукашэнка ня раз ужо палохае вяртаньнем у 90-я. Але цяпер сытуацыя такая, што многія адчуваюць сябе ўжо ў 90-х. Асабліва ў рэгіёнах, з гэтымі заробкамі па 300 рублёў. І многія беларусы ўжо лічаць, што «горш ніяк ня будзе». І гэтая група вельмі павялічылася за апошнія паўгода.

Колькі людзей застаюцца стабільным электаратам Лукашэнкі на дадзены момант? Гэта тыя, хто баіцца замены ўлады, хто, можа, і шмат чым незадаволены, але баіцца альтэрнатывы. Паводле ўскосных дадзеных, гэтая група — недзе 20–25 працэнтаў. Вядома, гэта ўсё прыблізна, вядома, шмат залежыць ад таго, каму мы проціпастаўляем Лукашэнку, якому кандыдату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калінкіна: Для Лукашэнкі ўлада — галоўная каштоўнасьць, галоўная мэта, галоўнае каханьне

— Улада зусім ня думае пра наступствы сваіх цяперашніх дзеяньняў ці яна лічыць, што галоўнае — неяк скончыць з гэтымі выбарамі, забясьпечыць патрэбны вынік, а потым ужо разьбірацца з наступствамі «па меры паступленьня»? Аднак ужо можна казаць, што вынікам выбараў стане сур’ёзнае пагаршэньне адносінаў з Захадам, ажно да ізаляцыі, больш нахабныя паводзіны Масквы і, адпаведна, больш рэзкія сутычкі зь ёй па многіх пытаньнях.

— Усё складаецца вельмі кепска. Парадокс сытуацыі ў тым, што гэта ўсё вельмі лёгка прадбачыць, настолькі гэта відавочна. Крокі ўлады падчас гэтай кампаніі адназначна прывядуць да пэўнай замежнапалітычнай ізаляцыі, прынамсі часовай. Невядома, якія формы набудзе рэакцыя Захаду — ці санкцыі, ці проста абмежаваньне супрацоўніцтва, — але ўсё ідзе да таго, што гэтая рэакцыя вымушаная быць дастаткова жорсткай.

Тое, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам зьнішчана. І гэта будзе мець вельмі сур’ёзныя эканамічныя наступствы. Нармалізацыя стасункаў з Захадам магла прынесьці доступ да пэўных фінансавых рэсурсаў. Цяпер усё гэта ўскладняецца, гэтыя страты будуць адчувальнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатка Бундэстагу дапусьціла санкцыі супраць Беларусі і адмену візавага пагадненьня, калі выбары будуць несумленныя

Нанесена глыбокая шкода бізнэс-клімату, спрыяльнаму асяродзьдзю для прыцягненьня інвэстыцыяў у краіну. Вельмі прыкметным званком стала ўвядзеньне часовай адміністрацыі ў «Белгазпрамбанку».

— Вы на пачатку размовы сказалі, што лібэралізацыя спынілася ўжо 2 гады таму. Чаму Менск ня ўбачыў для сябе выгад у гэтым працэсе і пачаў яго згортваць? Можа, эўрапейскія партнэры не пайшлі насустрач настолькі, наколькі гэтага жадала беларускае кіраўніцтва? Чаму адносіны Менску і Захаду ўжо гады два як уперліся ў пэўную столь і ня рухаліся наперад?

— Адносіны з Эўразьвязам — гэта стасункі стратэгічныя. Было б вельмі наіўна чакаць, што тут можна атрымаць вельмі хуткую і аднаразовую эканамічную выгаду. Альбо выбіваць яе кожны год, як у выпадку з Расеяй. З ЭЗ трэба выбудоўваць доўгатэрміновую стратэгію, трымацца пэўнага калідора, накладаць на сябе пэўныя абмежаваньні. І паступова гэта дасьць свой стратэгічны плён. Гэта ня тое, што можна атрымаць за адзін год, і недарэчна было б разьлічваць на хуткі эфэкт.

Тое самае з унутранай лібэралізацыяй. Калі яна пачалася, то напал крытычнага стаўленьня да Лукашэнкі быў значна зьменшаны — прынамсі, наконт замежнай палітыкі. Зьявіліся крамы, дзе можна было набыць нацыянальнае адзеньне і сымбалі. Вядома, наіўна было чакаць, што ўсе апазыцыйныя людзі пачнуць любіць Лукашэнку і класьціся за яго пад шпалы. Таксама недарэчна было чакаць, што прызначэньне адносна лібэральнага прэм’ера забясьпечыць ляяльнасьць лібэральна настроеных людзей на доўгія гады.

Такое адчуваньне, што ўлады разьлічвалі, што самыя сьціплыя крокі па лібэралізацыі прымусяць усіх апанэнтаў упісацца ў нейкі калідор — і далей можна нічога не рабіць, аўтаматычна будзе ляяльнасьць. Але з гэтымі групамі насельніцтва, як і зь любымі іншымі, трэба стала працаваць. А гэта цяжка, і ўлада зноў вярнулася да больш простых і традыцыйных для сябе сродкаў — рэпрэсіяў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.