Ці адмовіўся Пуцін ад Беларусі?

Калаж. Пуцін з сэрыялу "Гульні тронаў" НВО.

Што зьменіцца ў Расеі пасьля галасаваньня па папраўках у Канстытуцыю? Беларускія канстытуцыйныя рэфэрэндумы 1996 і 2004 гадоў — ці сталі яны ўзорам для Пуціна? Пасьля зьмены Канстытуцыі — ці ўзмацніцца жаданьне гаспадара Крамля яшчэ больш кантраляваць Беларусь?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды: беларускай службы — Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст, расейскай службы — Міхаіл Сакалоў.

Сьцісла:

Дракахруст: Вынікі галасаваньня на рэфэрэндуме ў Расеі — 78% за, яўка 68%. Гэта значыць, што больш за палову дарослага насельніцтва Расеі прагаласавалі за папраўкі. Асноўныя зьмены — так званае абнуленьне прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна, і ён цяпер аж да 2036 году можа быць прэзыдэнтам, і будзе вяршэнства расейскіх законаў над любымі міжнароднымі пагадненьнямі.

Многія гавораць, што 2 ліпеня расейцы прачнуліся ў іншай краіне. Але, магчыма, гэта толькі мэтафара. Справа ў тым, што ў Расеі ўжо даўно, мякка кажучы, не ідэальная дэмакратыя. Ці можна казаць, што цяпер сапраўды іншы этап?

Сакалоў: Расея даўно знаходзіцца ў стане аўтарытарнага кіраваньня, калі воля аднаго чалавека фактычна самадзяржаўная, і эліты падпарадкоўваюцца аднаму чалавеку — Уладзіміру Пуціну. Іншая справа, што ў шмат якіх выпадках гэтае падпарадкаваньне было «па паняцьцях», па традыцыі. А цяпер гэта будзе дэ-юрэ, тое ж будзе і зь міжнародным правам. Закладаецца прававая база легітымізацыі аўтарытарнага кіраваньня Пуціна.

Дракахруст: У гэтым сэнсе беларусы глядзяць на расейцаў як на «малодшых братоў» — Расея пляцецца ў «хвасьце дыктатурызацыі». У 1996 годзе Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках уладу, а ў 2004 зьняў абмежаваньне на тэрмін знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта. Прычым, калі Пуцін можа кіраваць толькі да 2036 году, дык Лукашэнка можа кіраваць вечна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Расеі завяршыў падлік: за папраўкі — 77,92%. Пуцін падзякаваў, Пяскоў назваў вынікі «трыюмфам»

Навумчык: У мяне пытаньне да Міхаіла. У сацыяльных сетках сёньня раніцай пісалі, што Навальны заклікаў сваіх прыхільнікаў не ісьці галасаваць, а вось калі б ён заклікаў прыйсьці, але прагаласаваць «супраць» — дык вынік галасаваньня мог бы быць для Крамля не такім прыемным. Гэтая тэма важная і для беларускай апазыцыі — ісьці галасаваць ці байкатаваць? Што было больш важна для Крамля: яўка грамадзянаў ці лічба галасоў «за»?

Сакалоў: Для Крамля было важна і тое, і другое. Яшчэ важна было, каб не было вялікіх пратэстаў. Учора на Пушкінскай у Маскве сабралася моладзь, і калі ўлады ўбачылі, што іх няшмат, ім далі пакрычаць лёзунгі і не чапалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект з санкцыямі супраць Пуціна і міністра абароны Расеі Шойгу 

Дракахруст: Пуцін пасьля першага ліпеня, з новай Канстытуцыяй, з магчымасьцю кіраваць да 2036 году, — як ён будзе ставіцца да Беларусі? Як казаў амбасадар Сямашка, летась Масква прапаноўвала абмежаваць беларускі сувэрэнітэт на 95%. Нядаўна Пуцін разважаў заднім лікам, што пры распадзе СССР «рускія землі» забралі. Праўда, потым Пяскоў тлумачыў, што мелася на ўвазе, каб у будучыні такога не было — але слова было сказана. Дык вось, гэтае адчуваньне пуцінскай «несправядлівасьці» — у адносінах да Беларусі можа нейкім чынам адбіцца?

Навумчык: Мы бачым даўно, што меркаваньні, выказаныя ці маргінальнымі фігурамі (як раней Жырыноўскі), ці «агаворкамі» палітычнага кіраўніцтва, пазьней набываюць ролю мэйнстрыму крамлёўскай палітыкі. Прыклад — 2014, Крым, Данбас. Я ні на сэкунду не сумняюся, што палітыка Пуціна будзе гэткай жа наступальнай у адносінах да Беларусі. Пытаньне толькі, ці яму ўдасца. Бо чыста ваенным спосабам ён можа захапіць Беларусь за пару тыдняў, прычынай чаму ня столькі перавага расейскага войска над беларускім, колькі наяўнасьць прарасейскіх настрояў у сілавых структурах Беларусі. Але — што далей ён будзе рабіць зь Беларусьсю? Дзе возьме грошы? Ну і рэакцыя Захаду на анэксію будзе непараўнальна больш жорсткай, чым яна была ў 2014-м.

Сакалоў: Як чалавек з савецкай эпохі, з КДБ, Пуцін да незалежнасьці былых савецкіх рэспублік ставіцца як да выніку дзеяньняў заходніх спэцслужбаў па развалу «вялікай Расеі», яна ж СССР. Таму калі ў сілу пэўных прычынаў улада Лукашэнкі апынецца пад вялікім ціскам, напрыклад народным, дык я не выключаю, што Пуцін, як гэта было з Брэжневам, зьдзейсьніць «інтэрнацыянальную братнюю дапамогу» Лукашэнку альбо ягоным дзецям, але плата за гэта будзе дастаткова вялікая. Як мінімум — «глыбокая інтэграцыя», як максымум — рэалізацыя «саюзнай дзяржавы» у накірунку зьнікненьня Беларусі ў прасторах Расейскай імпэрыі. Так што я б на месцы апазыцыі не расслабляўся, бо кожная слабасьць Пуцінам выкарыстоўваецца ў інтарэсах аднаўленьня імпэрыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае патрабаваньне Расеі перадаць 95% паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень? Разьбіраем заяву беларускага амбасадара