2 ліпеня ў Жлобіне асудзілі Віталя Грыцкова і Сьвятлану Зыль за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня. Віталя арыштавалі на 15 сутак, Сьвятлану аштрафавалі на 405 рублёў.
Паводле пратаколу, Віталь Грыцкоў удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі ў Жлобіне з «мэтай публічнага выказваньня свайго пратэсту супраць дзейнай улады». Супраць жыхара Стрэшына на судзе сьведчыў міліцыянт Аляксандар Раманенка. Ён патлумачыў, што Віталь «браў актыўны ўдзел у акцыі, а менавіта махаў рукой, калі кіроўцы аўтамабіляў сыгналілі ў падтрымку несанкцыянаванага мітынгу». Астатнія ўдзельнікі акцыі, паводле пратаколу, на «несанкцыянаваным мерапрыемстве дэманстратыўна пляскалі ў ладкі, трымалі плякаты, здымалі відэа».
Віталь Грыцкоў сказаў Свабодзе і на судзе, што не парушаў закон. Ён сапраўды быў у Жлобіне, здымаў акцыю на тэлефон і двойчы махнуў рукой — адзін раз прывітаў знаёмага, а другі раз паправіў пакунак, які споўз з рукі.
Судзьдзя Мікалай Сяргеевіч пакараў яго арыштам на 15 сутак, але ў залі суду яго пад варту не ўзялі.
«Сказалі, што мы перададзім на вас паперы ў міліцыю, а вы можаце туды пайсьці і запатрабаваць, каб вас пасадзілі», — сказаў Віталь.
Ён ужо адбыў сёлета 15 сутак за акцыю падтрымкі Сяргея Ціханоўскага, якая прайшла 7 траўня ў Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаў на 5 гадоў, штрафаў на 190 тысяч рублёў — праваабаронцы падлічылі вынікі перасьледу падчас выбараўСьвятлану Зыль асудзілі за тое, што яна «пляскала ў ладкі» і такім чынам парушала заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Сёньня ж у Наваполацку судзьдзя Зоя Балаболава аштрафавала на 270 рублёў Дзьмітрыя Рыжычэнку за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня. Пра гэта паведаміла «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хадзіў у прыбіральню, калі адбылася тузаніна». У Горадні на суткі асудзілі апэратара Ціханоўскага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі пра інцыдэнт у Горадні: «Невядомыя зладзілі правакацыю на загад дыктатара Лукашэнкі»