Менавіта беларускія пісары стварылі прынамсі дзьве зусім новыя літары, якіх не было ў пачатнай кірыліцы. Адрозьніваць цьвёрдае і мяккае вымаўленьне перад Э — песьня і пэўны — старадаўняя кірыліца не дазваляла. І вось у канцы XV стагодзьдзя некаму прыходзіць у галаву перавярнуць кірылічную літару Е ў адным з абліччаў, і так зьяўляецца літара Э. Зь ёю сталі пісаць словы накшталт комэта, фэст, у Статутах — рэч, чэсть, потрэба, — перадаючы беларускае зацьвярдзелае вымаўленьне шыпячых і р.
А канчаткова наблізіў формы літараў да сучасных Гальляш Капіевіч (родам з Амсціслава), выпускнік Слуцкае гімназіі, кнігавыдавец і перакладнік. У 1700 годзе ў Амстэрдаме ён заснаваў друкарню і стварыў акругленыя, падобныя да лацінскіх, літары кірыліцы для тытульных аркушаў кніг.
Расею ў той час, так бы мовіць, намагаўся падняць з каленяў цар Пётра І. У Расеі жывая мова так і не пранікла ў кнігу, дзе панавала царкоўнаславяншчына і адпаведна архаічная кірыліца. Вось жа быўшы ў Нідэрляндах, Пётра ўпадабаў Капіевічавы шрыфты і замовіў майстру адліць камплекты літараў.