Відэазварот 29-гадовага Андрэя Карэліна да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай сабраў больш за 100 тысяч праглядаў «Укантакце». У інтэрвію Свабодзе бабруйчанін дзеліцца ўражаньнямі ад удзелу ў выбарчай кампаніі ды разважае пра пасьлявыбарчыя пэрспэктывы.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі абурыўся стаўленьнем чыноўніцы да ахвочых стаць чальцамі выбарчых камісіяў, якіх яна назвала «супрацьлеглым бокам» ды заявіла, што «в чужой монастырь со своим уставом не ходят». Сам ён таксама спрабаваў трапіць ва ўчастковую камісію, але марна. Пасьля таго і зьвярнуўся да Ярмошынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына пра ўтварэньне ўчастковых камісій: у чужы манастыр са сваім статутам ня ходзяць
Пра Андрэя Карэліна. Сьцісла
- Нарадзіўся ў Бабруйску. Скончыў школу з музычна-харавым ухілам;
- У 2013 годзе адвучыўся на журфаку БДУ і паступіў у магістратуру дэпартамэнту мэдыя Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве. Скончыў яе з чырвоным дыплёмам.
- Працаваў намесьнікам рэдактара сайта «Вечерний Бобруйск», SMM-рэдактарам «Беларусбанку» і сеткі крамаў «5 элемент», кантэнт-мэнэджарам у «Яндэксе». Цяпер як фрылансэр супрацоўнічае з рознымі кампаніямі, якія займаюцца стварэньнем і прасоўваньнем кантэнту.
- Беспартыйны. У падтрымку Віктара Бабарыкі сабраў блізу 800 подпісаў.
- Хацеў стаць чальцом камісіі ўчастку для галасаваньня № 73 Першамайскага раёну Бабруйску.
«Гэтая выбарчая кампанія ўнікальная»
Андрэй Карэлін упершыню ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі. Кажа, што яна адрозьніваецца ад папярэдніх удзелам «годных і папулярных альтэрнатыўных прэтэндэнтаў», а таксама тым, што адбываецца яна ва ўмовах эканамічнага крызісу і пандэміі каранавірусу.
Ён лічыць, што ў Беларусі цяпер ідзе барацьба між дзьвюма асноўнымі сіламі: з аднаго боку, «прэзыдэнт выкарыстоўвае ціск ды гвалт», а з другога — Віктар Бабарыка абапіраецца «на мову любові і павагі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлопца не прапусьцілі ў выбарчую камісію, ён запісаў відэазварот да ЯрмошынайКарэлін мяркуе, што падтрымка дзейнага прэзыдэнта — «максымум працэнтаў трыццаць і працягвае драматычна пікіраваць». Рэальны ж рэйтынг Бабарыкі пакуль няясны, але «ва ўмовах справядлівых выбараў, як мінімум, павінен быць другі тур — асабліва ўлічваючы папулярнасьць вылучэнца».
«Людзей можна абражаць, запалохваць, прыгнятаць, але чалавечае жыцьцё і перамены трымаюцца на любові, павазе», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году
Чаму зьвярнуўся да Ярмошынай
Андрэй Карэлін кажа: відэазварот да Ярмошынай разглядае як адзін зь мірных спосабаў дыялёгу, бо, на ягоную думку, удзельнікі сёлетняй перадвыбарчай кампаніі стаяць на небясьпечна супрацьлеглых пазыцыях. І яму «прыкра, што падначаленыя прэзыдэнта пераймаюць ягоную манеру паводзінаў».
«Самая адэкватная мера, асабліва ва ўмовах, калі прэзыдэнт непазьбежна губляе рэйтынг, а ягоныя канкурэнты працягваюць набіраць папулярнасьць, — зьнізіць градус варажнечы, — лічыць ён. — А сілавікі, суды, дзяржСМІ, наадварот, настройваюць супраць сябе людзей і не прызнаюць відавочных памылак».
Карэлін кажа, што пасланьне да старшыні Цэнтравыбаркаму ён запісаў у максымальна карэктным тоне, каб «адысьці ад мовы варажнечы і пазьбегнуць успрыняцьця яго як зьдзеку» са службовай асобы.
«Лідзія Міхайлаўна, я паважаю вашую працу. Дык чаму ж манастыр — чужы, а нас вы называеце „супрацьлеглым бокам?“ — пытаецца ён у Ярмошынай. — І чаму наогул „манастыр“? Выбары — нешта закрытае?»
«Хацеў паназіраць, ці пакорпаецца хто з чыноўнікаў у маёй тэчцы з дакумэнтамі»
Каб трапіць ва ўчастковую камісію, Андрэй Карэлін заручыўся падтрымкай 10 выбарцаў, як таго вымагае заканадаўства, і падпісаўся сам, каб быць іхным прадстаўніком. 23 чэрвеня яго не пусьцілі нават на пасяджэньне адміністрацыі Першамайскага раёну Бабруйску, на якім фармавалі склад камісіі. Падстава: ён ня мае права прадстаўляць сваю групу падтрымкі.
Суразмоўца тлумачыць, што хацеў пабачыць, якім чынам і з каго абіраюць тых, хто будзе лічыць галасы, а таксама паназіраць, ці «пакорпаюцца чыноўнікі ў ягонай тэчцы з дакумэнтамі».
«У маёй тэчцы з дакумэнтамі была характарыстыка зь Беларусбанку, чырвоны дыплём магістратуры, дыплём пераможцы міжнароднай унівэрсіяды па журналістыцы МДУ ды дыплём прафсаюзу да яго 100-годзьдзя. Так хацеў падкрэсьліць, што я ня нейкі незразумелы „супрацьлеглы бок“, а цалкам кампэтэнтны, каб працаваць у камісіі», — кажа ён.
Карэлін зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам, але з Магілёўскага аблвыканкаму яму адпісалі, што яго не пусьцілі на пасяджэньне зь іншай прычыны: «вострай эпідэміялягічнай сытуацыі ў рэгіёне». Маўляў, у памяшканьні абмежаваная колькасьць месцаў, і трэба было загадзя паінфармаваць пра свой намер. У адказе запэўнілі, што ягоная адсутнасьць не паўплывала на вынікі пасяджэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюзы, праўладныя аб’яднаньні, камуністы. Хто будзе назіраць за выбараміСуразмоўца настойвае: ягоная каляжанка высьвятляла, што неабходна зрабіць, каб стаць сьведкам фармаваньня камісіі, і ў адміністрацыі раёну ёй сказалі: «Проста прыйсьці».
29 чэрвеня Андрэю Карэліну таксама не ўдалося пабыць у судзе на разглядзе скаргі на неўключэньне іншых вылучэнцаў у выбарчыя камісіі. Ягоныя калегі папрасілі яго выступіць на працэсе сьведкам, але іхнага хадайніцтва не задаволілі. Ён кажа, што пасьля незадаволенай рэплікі некага з залі судзьдзя Тацяна Шчэгельская выдаліла чамусьці яго. Старшыня суду Сяргей Пастухоў на незадаволенасьць Карэліна параіў тое самае, што і ЦВК: пісаць скаргу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбаркамы, дапусьціўшы толькі абраных», — кампанія «Права выбару»
«Сілавікі, суды, дзяржСМІ настройваюць супраць сябе людзей і не прызнаюць памылак»
Андрэй Карэлін зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку ў Бабруйску з 28 мая. За тры тыдні падпісаў блізу 800 чалавек. Ён адзначае: на выбарчых пікетах даводзілася працаваць «не падымаючы галавы» — асабліва ў першы тыдзень, калі стаялі «вялікія чэргі з ахвотнікаў падтрымаць альтэрнатыўных вылучэнцаў» і нават прыяжджалі валянтэры зь Менску.
У чэргах сустракаў даўніх знаёмцаў, сярод іх былі ягоныя настаўнікі, якіх памятае са школы прынцыповымі людзьмі. «Калі яны падоўгу выстойвалі, каб падпісацца, то для іх гэта было важна», — кажа ён.
«Дакладнай колькасьці сабраных подпісаў па Бабруйску ня ведаю, — дадае суразмоўца, — але мяркую, лічба сягае 5 тысяч. Для нашага гораду (у Бабруйску жыве звыш 200 тысяч чалавек. — РС) гэта нямала».
Андрэй Карэлін прызнаецца: пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі і пагроз Лукашэнкі ды кіраўнікоў сілавых ведамстваў ён не адчувае сябе ў бясьпецы, але застаецца спакойным, бо «нічога супрацьзаконнага» ня робіць і не зьбіраецца правяраць сыстэму на трываласьць на барыкадах.
«Зразумела, што арышт Бабарыкі несправядлівы, і я цудоўна разумею, што падобнае можа быць з кожным. Таму і працягваю падтрымку», — кажа суразмоўца.
Ягоны ідэал Беларусі — «грамадзтва, заснаванае на любові і ўзаемапавазе, дзе ў цэнтры ўсяго чалавек ды гуманізм». Паводле Карэліна, у такім грамадзтве павінны дамінаваць дэмакратычныя каштоўнасьці: сумленнасьць, свабода самавыяўленьня, падзел уладаў. Эфэктыўная эканоміка — як гарант сувэрэнітэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сачыце за рукамі. Хоць галасаваньне камісіі паказалі ў жывым эфіры, у пратаколе аказаліся іншыя лічбы. ВІДЭА
Што будзе, калі большасьць зразумее: у іх скралі прэзыдэнта?
Андрэй Карэлін называе найгоршым сцэнарам, калі вялікая колькасьць беларусаў, якія падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў, зразумее, што ў іх скралі прэзыдэнта.
Ён лічыць: цяжкасьці ў эканоміцы, няўдалыя рашэньні ў сацыяльнай сфэры і сапсаваныя міжнародныя стасункі будуць змушаць людзей разглядаць іх праз прызму таго, што б зрабіў у такой сытуацыі Бабарыка ці нехта іншы. Усё гэта будзе паглыбляць узаемную агрэсію.
На думку суразмоўцы, «татальная фрустрацыя можа стрэліць нават не 9 ці 10 жніўня», а значна пазьней, у самы нязручны момант, як тое «адбылося, напрыклад, з пандэміяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 0,04% з «Честных людей» уключылі ў склад участковых камісій
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.