«Зьняцца з выбараў? Я патраціў занадта шмат сіл». Чэрачань падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам

Сяргей Чэрачань

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань падаў у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты і заявіў, што варыянт зьняцца з выбараў разгледзеў бы, толькі калі б гэта «да чаго-небудзь прывяло», паведамляе Tut.by.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Паводле Сяргея Чэрачня, пасьля рэгістрацыі ўсе зарэгістраваныя альтэрнатыўныя кандыдаты павінны сесьці за стол перамоваў.

«Калі мы разам — у нас ёсьць шанец. Калі не... Цяпер увесь працэс уяўляе сабой «галодныя гульні»: той, хто выбывае, губляе практычна ўсё, калі не сказаць больш. І калі ня будзе кансалідацыі дэмакратычных сіл, то чакаць выніку ад гэтай палітычнай кампаніі ня варта», — заявіў Чэрачань.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася кампанія супрацьстаяньня», — Дзьмітрыеў падаў дакумэнты ў ЦВК

Ён сказаў, што не чакаў такіх жорсткіх рэпрэсій у дачыненьні да прэтэндэнтаў у прэзыдэнты. На пытаньне, ці разглядаў ён варыянт зьняцца з выбараў, Чэрачань адзначыў, што абгаворваў гэта са сваімі прыхільнікамі, бо сабраў у каманду людзей, «якім ёсьць што губляць». Паколькі рэпрэсіі, на думку Чэрачня, могуць закрануць і яго каманду, ён «кожнаму з каманды казаў: хлопцы, кожны для сябе павінен вырашыць, наколькі ён гатовы рухацца далей».

Пра сябе Сяргей Чэрачань сказаў, што «занадта доўга ішоў да гэтай кампаніі, занадта шмат патраціў часу, сіл і пэўных рэсурсаў, каб на сёньняшні момант зьняцца».

«Калі б гэта было неабходна і калі б мы разумелі, што гэта да чаго-небудзь прывяло б, вядома, я б зьняўся. Але пакуль канцэпцыя — мы павінны яшчэ пазмагацца, каб не падвесьці тых людзей, якія цяпер з намі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў адхіляюць па ўсёй краіне. Мінус усе за Бабарыку ў Барысаве, мінус усе за Цапкалу ў Барысаве і Горадні

Сяргей Чэрачань падаў у ЦВК 106 тысяч подпісаў за сваё вылучэньне. Да якасьці подпісаў у раённых выбарчых камісій, якія іх правяраюць, пакуль прэтэнзій не было.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.