Кампанія назіраньня «Права выбару-2020» апублікавала другую прамежкавую справаздачу аб назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2020 годзе.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Асноўныя высновы назіральнікаў:
- незалежных сацыялягічных службаў у Беларусі няма, зьвестак ад дзяржаўных практычна не публікуюць, але інтэрнэт-апытаньні паказваюць рэйтынг дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў раёне 3–6%;
- зьмяніўшы ўрад, Лукашэнка ўзмацніў пазыцыі сілавога блёку;
- яшчэ да выбараў улады распачалі сілавы сцэнар перасьледу апанэнтаў: за кратамі ўжо адзін патэнцыйны кандыдат, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў, дзясятак чальцоў ініцыятыўных групаў;
- збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў палітызаваў грамадзтва, а ўлады ўжылі сілавыя мэтады для спыненьня палітызацыі; з 15 прэтэндэнтаў толькі 7 заявілі, што сабралі неабходныя для рэгістрацыі кандыдата 100 тысяч подпісаў;
- пры фармаваньні ўчастковых камісіяў мясцовыя ўлады груба парушылі прынцып роўнасьці правоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў;
- участковыя камісіі былі сфармаваныя паводле звыклага шаблёну, 70–80% чальцоў засталіся зь мінулых выбараў, празрыстасьць і дэмакратычнасьць працэдураў, што выконваюцца такімі камісіямі, «выклікае вялікія сумневы».
У справаздачы ёсьць і пункт, незвычайны для такіх матэрыялаў аб выбарчых кампаніях у Беларусі: скарга на сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюзы, праўладныя аб’яднаньні, камуністы. Хто будзе назіраць за выбарамі
Што з сайтам выбараў
Цэнтральная выбарчая камісія мае свой афіцыйны сайт па адрасе Rec.gov.by (мае тры моўныя вэрсіі, але беларуская і ангельская фактычна закінутыя, вядуць толькі расейскамоўную). На ім публікуюцца матэрыялы ЦВК і навіны, зьвязаныя з паседжаньнямі і дзейнасьцю камісіі.
Да выбараў ЦВК неаднаразова запускала адмысловыя сайты. Так і да выбараў-2020 запусьцілі сайт Vybary2020.by. Леташні сайт пад парлямэнцкія выбары цяпер адключаны, але захаваўся ў кэшы Google, пры тым сайт парлямэнцкіх выбараў 2016 году застаецца дасяжным.
На сайце выбараў 2020 году пакуль няшмат інфармацыі: інфаграфіка пра каляндар выбараў, відэазвароты старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, сьпіс 15 ініцыятыўных групаў кандыдатаў і навіны (нават разьдзел «Матэрыялы» перанакіроўвае на сайт ЦВК). Старонка даступная толькі на расейскай мове.
Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на разьдзел навінаў. На момант публікацыі на сайце выбараў-2020 было 20 навінаў, усе зь дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Ніводная навіна не трансьлюе погляды альтэрнатыўных кандыдатаў, затое некалькі трансьлююць заявы Лукашэнкі, у тым ліку накіраваныя супраць ягоных апанэнтаў.
Кампанія назіраньня «Права выбару-2020» адзначае, што ў Беларусі «звычайная справа», калі ў час выбарчых кампаніяў у дзяржаўных СМІ трансьлююць пазытыўную інфармацыю пра Лукашэнку і нэгатыўную пра ягоных апанэнтаў, а цяпер нават на партале ЦВК «падаецца інфармацыя перадузятага і няроўнага характару».
Таксама праваабаронцы заўважылі, што на сайтах мясцовых органаў улады ў разьдзеле «Выбары» часам публікуюць графікі прыёму праўладных арганізацыяў «Белая Русь» і БРСМ, а графікі іншых грамадзкіх аб’яднаньняў ці партыяў не публікавалі ані разу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна, разьбіраемся з экспэртаміПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.