Віцябляніна Аляксандра Мацеюка аштрафавалі на 108 рублёў. Судовае паседжаньне адбылося 29 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Справу разглядала судзьдзя Ала Бардзюкова.
Аляксандра затрымалі 20 чэрвеня каля ягонага дому, на наступны дзень пасьля «ланцуга салідарнасьці» ў Віцебску.
«Мяне затрымалі не па законе. Лічу гэта выкраданьнем», — казаў на судзе Аляксандар.
Па яго словах, міліцыянты ламіліся ў дзьверы ягонай кватэры, былі ў цывільным адзеньні і ў масках, бяз позвы і пратаколу затрыманьня. Аляксандар адмовіўся сядаць у аўтамабіль без апазнавальных знакаў, у дачыненьні да яго ўжылі фізычную сілу і спэцыяльныя сродкі.
Сьведкамі на судзе былі опэрупаўнаважаныя крымінальнага вышуку Чыгуначнага РАУС Аляксандар Іванчыкаў і Канстанцін Сулімаў, якія затрымлівалі Аляксандра Мацеюка ўвечары 20 чэрвеня. Яны выказваліся праз скайп. Абодва былі ў масках. Падчас суду сьведкі знаходзіліся ў адным кабінэце і чулі паказаньні адзін аднаго, неаднаразова прасілі паўтарыць пытаньне, спасылаючыся на кепскую сувязь. Паседжаньне доўжылася больш за гадзіну.
Паводле сьведак, яны выконвалі вусны загад свайго начальніка — затрымаць чалавека, супраць якога распачаты адміністрацыйны працэс. Дакумэнтаў ніхто зь іх ня бачыў. Міліцыянты пацьвердзілі, што падчас затрыманьня былі ў цывільным адзеньні, казалі, што прадставіліся і паказалі пасьведчаньне, але не здымалі масак «у сувязі з пандэміяй».
Аляксандру Мацеюку, які выйшаў на вуліцу, прапанавалі сесьці ў службовы аўтамабіль, які быў без апазнавальных знакаў і відэарэгістратара. Па іх словах, падсудны схапіўся за мэталічную канструкцыю каля машыны і адмовіўся ехаць. Кайданкі Аляксандру надзелі на вуліцы, перад тым як сесьці ў машыну.
Рапарт аб непадпарадкаваньні склаў па прыезьдзе ў Чыгуначны РАУС Аляксандар Іванчыкаў і перадаў дзяжурнаму, імя якога ня памятае. Калі пратакол далучылі да матэрыялаў справы, ня ведае.
Канстанцін Сулімаў, які быў за рулём, пацьвердзіў, што чуў, як затрыманы, які сядзеў ззаду з калегам, прасіў не чыніць яму фізычнага болю. Ягоны калега факт прычыненьня фізычнай шкоды падсуднаму адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 15 сутак арышту. Яшчэ паўсотні судоў за «ланцугі салідарнасьці» праходзяць 29 чэрвеняШмат якіх дэталяў затрыманьня сьведкі ня памяталі, спасылаючыся на тое, што ўжо прайшло даволі шмат часу.
Просьбу Аляксандра запрасіць у якасьці сьведкі чалавека, зь якім ён размаўляў падчас затрыманьня, судзьдзя адхіліла.
Просьбу спыніць справу і прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў — таксама. Хаця да матэрыялаў справы было далучанае заключэньне судмэдэкспэртаў, якія засьведчылі ў Аляксандра ўдар мяккіх тканак грудной клеткі і траўму жывата.
За непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі судзьдзя аштрафавала Аляксандра на 108 рублёў. Рашэньне суду Аляксандар можа абскардзіць цягам дзесяці дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку выбарчай кампаніі больш за 300 чалавек агулам асудзілі на 1568 сутак і 167 000 рублёў штрафаў«Вядома, буду абскарджваць, — ужо пасьля суду пракамэнтаваў Аляксандар. — Я па-ранейшаму лічу, што нічога кепскага не зрабіў. На судзе мне не спадабалася тое, што не былі задаволеныя мае хадайніцтвы аб службовых праверках, аб тым, што былі злоўленыя на слове міліцыянты, якія сьведчылі праз скайп. Хоць я прасіў, каб на судзе яны прысутнічалі асабіста».
Тыдзень таму за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня Аляксандра аштрафавалі на 945 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі ў розных гарадах выйшлі на «ланцугі салідарнасьці»