Суд у ЗША асудзіў на 9 гадоў турмы расейца Аляксея Буркова паводле абвінавачаньня ў кібэрзлачынствах. Абвінавачваньне патрабавала асудзіць яго на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Пра гэта паведамляе расейскае агенцтва РИА Новости.
Раней Буркоў прызнаў віну па двух пунктах — у крадзяжы асабістых дадзеных уладальнікаў крэдытных карт і ў адмываньні грошай. У выніку астатнія тры пункты абвінавачаньня з Буркова зьнялі.
Праграміст Аляксей Буркоў быў затрыманы ў 2015 годзе ў аэрапорце Тэль-Авіву на запыт Вашынгтону. У лістападзе 2019 году расейца экстрадзіравалі ў ЗША, нягледзячы на пратэсты Расеі. Масква прапаноўвала Ізраілю абмяняць меркаванага хакера на ізраільцянку Наам Ісахар, якую незадоўга да таго асудзілі на сем з паловай гадоў калёніі па абвінавачаньні ў кантрабандзе наркотыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвінавацілі расейскіх хакераў ў крадзяжы 100 млн даляраў23 студзеня ў часе свайго візыту ў Ізраіль прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сустрэўся з маці Ісахар. Ён паабяцаў улічыць яе просьбу аб памілаваньні дачкі пры прыняцьці канчатковага рашэньня. Сама асуджаная ў Расеі ізраільцянка адмовілася прасіць Пуціна аб памілаваньні. Яна заявіла, што звароту яе маці і кіраўніцтва Ізраілю дастаткова для прыняцьця рашэньня. Пазьней яна папрасіла Пуціна аб памілаваньні, і яе вызвалілі.