Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі канстатуе, што падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі адбываецца сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў.
«Беспадстаўна ўзбуджаюцца адміністрацыйныя і крымінальныя справы, а міністр унутраных спраў абвінавачвае іх у арганізацыі „вулічнай рэвалюцыі“. 10 дзён ніхто ня ведаў пра лёс Аляксандра Кабанава. 17 чэрвеня яго асудзілі на 15 сутак і ўсялякая інфармацыя спынілася. Праваабаронцы даведаліся, што яго трымаюць у ІЧУ Драгічына. А сёньня стала вядома, што ён ужо ў ЦІП Менска. Ёсьць падазрэньні, што завялі крымінальную справу і зьбіраюцца перавесьці ў СІЗА № 1».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты берасьцейскіх блогераў Пятрухіна і Кабанава. Што вядома на гэты час?Алесь Бяляцкі адзначае, што тактыку беларускіх уладаў, калі не выдаюць інфармацыю пра адрасы знаходжаньня затрыманых людзей, можна параўнаць зь іх выкраданьнем.
«Паводзіны беларускай міліцыі ўсё больш нагадваюць дзеяньні Тантон-макутаў, гаіцянскую гвардыю, сымбаль змрочнага палітычнага рэжыму дыктатара Дзювалье, якія займаліся выкраданьнем іншадумцаў. Юры Караеў, калі вы сапраўдны афіцэр, а не царскі апрычнік, адкажыце, чаму перахварэлага на COVID-19 Аляксандра Кабанава цягаюць па этапах, якая для гэтага ёсць важная прычына?» — зьвярнуўся праваабаронца да міністра ўнутраных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У блогера Кабанава выявілі каранавірус, яго калега Пятрухін з ізалятара таксама трапіў у шпітальДа 26 чэрвеня не было вядома дакладнае месца знаходжаньня Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ад 17 чэрвеня ён адбываў 15-сутачны арышт паводле ч. 3 артыкула 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у берасьцейскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Драгічын, а 25 чэрвеня ў доме яго бацькоў пад Бярозай прайшоў ператрус.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што цяпер блогер знаходзіцца ў менскім ЦІП на вуліцы Акрэсьціна. Ёсьць падстава меркаваць, што ён можа быць фігурантам «справы Ціханоўскага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяцёра ўжо за кратамі. Што стала з блогерамі і палітыкамі, якіх Ціханоўскі пахваліў за дзень да арыштуУ гэтай жа турме трымаюць і аўтара каналаў «Народны рэпартэр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна, якога напярэдадні даставілі з Кобрыньскага ізалятара часовага ўтрыманьня.
Блогера затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня за «неадбытыя суткі» па выніках акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Аднак 25 чэрвеня яго зноў арыштавалі і перавезьлі ў Менск.
Скарыстаўшыся правам тэлефоннага званка, ён расказаў берасьцейскаму праваабаронцу Ўладзімеру Вялічкіну, што праходзіць у крымінальнай справе за падзеі ў Горадні 29 траўня.
26 чэрвеня паплечнікі спрабавалі перадаць яму рэчы і харчы, аднак адміністрацыя адмовіла, сказаўшы, што ў арыштанта «ёсьць усё неабходнае». Між тым, ужо 10 дзён Пятрухін носіць толькі тое, у чым яго затрымалі. Дый з улікам праблемаў з вадой у Менску карыстацца вадаправодным кранам у камэры небясьпечна.