У склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах за межамі краіны.
Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Гэта мізэрны працэнт»
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў адзін зь сяброў ініцыятывы «Честные люди» Аляксей Падрэз.
«12 чалавек — гэта мізэрны працэнт з улікам таго, што падаваліся больш за дзьве тысячы чалавек. Мы чакалі, што ўключаць хаця б 150-200. А тут высьветлілася, як у нас баяцца страціць кіраванасьць камісіямі, каб туды ня трапілі незалежныя прадстаўнікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самой цікава, ці можа незалежны сябар камісіі на нешта ўплываць». Як беларусы спрабуюць трапіць у выбарчыя камісііАляксей Падрэз расказаў, як рэагуюць людзі ў чатах на тое, што іх не ўключылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.
«Бальшыня людзей, якія складаюць ініцыятыву „Честные люди“, лічаць, што ўсё было падобна на спэктакль, калі кожны грае сваю ролю, і гэтыя ролі расьпісаныя. Дзьве тысячы — гэта шмат людзей, за іх трэба было прагаласаваць. І тыя збоі сыстэмы ў матрыцы, якія былі, сьведчаць пра гэты спэктакль.
Так, за нейкую дзяўчыну спачатку прагаласавалі, а потым стала зразумела, што прагаласавалі не за таго чалавека, за якога трэба. І ў канцы паседжаньня прагаласавалі і дзяўчыну не ўключылі ў камісію. Альбо такі выпадак, калі чыноўнікі адміністрацыі Фрунзэнскага раёну, ня выключыўшы мікрафоны, сталі абмяркоўваць, як і каго трэба выбіраць ва ўчастковую камісію. Усе гэтыя факты сьведчаць, што гэта было не зусім сумленна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбаркамы, дапусьціўшы толькі абраных», — кампанія «Права выбару»Паводле Аляксея, ініцыятыва «Честные люди» дапамагае людзям ажыцьцявіць свае законныя правы.
«Цяпер мы дапамаглі тым, хто захацеў пайсьці ў суд са скаргамі і аспрэчыць рашэньні пра неўключэньне ў выбарчыя камісіі. Сёньня апошні дзень, калі гэта можна зрабіць. Я мяркую, што пасьпеюць падаць каля ста скаргаў. У найбліжэйшы час мы будзем дапамагаць людзям пры афармленьні дакумэнтаў, якія хочуць вылучацца ў назіральнікі».
Мэта плятформы «Честные люди», як гаворыцца на яе старонках у сацсетках, «рэалізаваць права кожнага чалавека ведаць сумленную і празрыстую інфармацыю аб выбарах прэзыдэнта. Гэтаму праву сёньня перашкодзілі».
«Наступны крок, які можа зрабіць кожны з тых, каму адмовілі ўчора і сёньня, — падаць скаргу ў суд», — гаворыцца на плятформе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічыць галасы давяраюць выключна „вялікай пяцёрцы“ праўладных арганізацыяў», — праваабаронца
Суды адхіляюць скаргі
32-гадовы прадпрымальнік Дзьмітры Сырцоў абскардзіў рашэньне адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску, якая адмовілася ўключыць яго ў склад участковай выбарчай камісіі. Разгляд скаргі працягваўся сёньня каля 25 хвілін, сказаў карэспандэнту Свабоды Дзьмітры.
«Скаргу адхілілі па фармальных прыкметах», — мяркуе ён.
Дзьмітры кажа, што крытэры, паводле якіх людзі выбіраюцца ў камісіі, не прапісаны ў выбарчым заканадаўстве, такія рашэньні прымаюцца адміністрацыямі зь нейкіх сваіх меркаваньняў.
«Для іх крытэр — наяўнасьць досьведу працы ў выбарчай камісіі. Але патрабаваць у чалавека досьведу працы ў выбаркаме — гэта як патрабаваць у студэнта, каб ён быў выпускніком. Гэта абсурдны крытэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атмасфэра як у сэрыяле „Чарнобыль“» — беларускага студэнта Гарварду не ўзялі ў выбарчую камісіюМы ўжо абмяркоўвалі зь сябрамі ў чаце, што тыя людзі, якіх уключылі ў склад камісій, працуюць звычайна ў адной арганізацыі. На маім 14-м участку гэта ўсе супрацоўнікі школы № 23; больш за тое, 95% — гэта людзі, якія былі ў камісіях на мінулых парлямэнцкіх выбарах. Яны падаюцца ад Саюзу жанчын, БРСМ, і іхныя характарыстыкі нібыта напісаныя пад капірку: „умее прыняць рашэньне ў складанай сытуацыі“, „мае правільныя жыцьцёвыя арыентыры“ альбо „валодае пачуцьцём высокай адказнасьці“.
Цікава, што сёньня падчас пасяджэньня суду, які разглядаў маю скаргу, зачытвалі ўрыўкі з маіх характарыстык і не зачытвалі характарыстыкі вось гэтых людзей, якіх уключылі».
Дзьмітры думае, што ў адміністрацыях былі раней зарыхтаваныя сьпісы сяброў участковых выбарчых камісій.
«Абсалютна відавочна, што там былі ўжо канкрэтныя сьпісы і чыноўнікам трэба было толькі зрабіць выгляд сумленнасьці, празрыстасьці гэтага працэсу. Вось яны і зрабілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сачыце за рукамі. Хоць галасаваньне камісіі паказалі ў жывым эфіры, у пратаколе аказаліся іншыя лічбы. ВІДЭА
Адмовілі «неабгрунтавана і цынічна»
Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава падчас стрыму пракамэнтавала масавае неўключэньне грамадзян у выбарчыя камісіі:
«Такім чынам дзяржава хоча падзяліць народ, а мы ўвогуле адно цэлае».
У заяве штабу Бабарыкі гаворыцца, што людзям адмовілі «неабгрунтавана і цынічна, ператварыўшы ў фарс працэдуру вылучэньня і галасаваньня і пакінуўшы без увагі сабраныя дзясяткі тысяч подпісаў выбарнікаў з участкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заклікаў ісьці ў выбарчыя камісіі і падаваць заявы на парушэньні пры зборы подпісаў«Пры гэтым аказалася ўсё роўна, хто быў заяўнікам — кіраўнік прадпрыемства, унікальны спэцыяліст, вядомы музыкант або студэнт Гарвардзкага ўнівэрсытэту.
Паводле Выбарчага кодэксу, ва ўчастковай камісіі можа быць ад 5 да 19 чалавек. Усяго было пададзена 70 200 заявак на 108 600 патэнцыйных месцаў. Калі б узялі ўсіх, хто выказаў жаданьне, у сярэднім у камісіі было б па 12 чалавек. Але памер складу камісій быў паніжаны да такога, каб туды трапілі толькі тыя людзі, якія павінны там быць».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.