Яшчэ два месяцы таму ў Беларусі было 3 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, цяпер — 23. Хто гэтыя людзі?
Прэтэндэнт у прэзыдэнты і ягоны сын
1. Віктар Бабарыка — прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку»; затрымалі 18 чэрвеня, калі меўся здаць подпісы за вылучэньне сваёй кандыдатуры на выбары прэзыдэнта ў Цэнтравыбаркам. Рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблякавалі.
21 чэрвеня Віктару Бабарыку прад’явілі крымінальныя абвінавачаньні паводле артыкулаў 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры»), 235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам»), 210 («Крадзеж у асабліва буйным памеры»), 209 («Махлярства»), а таксама 430 («Атрыманьне хабару») і 431 («Даваньне хабару»).
Віктар Бабарыка «катэгарычна ня згодны з прадʼяўленым абвінавачаньнем», а яго абаронцы настойваюць «на яго поўнай невінаватасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віктар Дзьмітрыевіч ніколі б ня зьехаў, Эдзік таксама». Шчыры аповед сяброўкі Эдуарда Бабарыкі. ФОТА2. Эдуард Бабарыка — сын Віктара Бабарыкі і кіраўнік ягонага выбарчага штабу, затрыманы разам з бацькам 21 чэрвеня. Затрыманьне праводзіў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэньні». У гэты ж дзень Эдуарда Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
21 чэрвеня Эдуарду Бабарыку прадʼявілі абвінавачаньне паводле артыкула 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры»).
Сябры Віктара Бабарыкі
3. Уладзімер Дудараў — каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў Магілёўскай вобласьці і ягоны сябар. Затрымалі 11 чэрвеня.
Уладзімер Дудараў раней працаваў у Магілёўскім гарвыканкаме. У 2018 годзе быў прызначаны намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, быў куратарам будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Летась у кастрычніку пакінуў гэтую пасаду.
4. Сьвятлана Купрэева — сяброўкі сямʼі Віктара Бабарыкі і каардынатарка яго ініцыятыўнай групы ў адным з раёнаў Менску.
11 чэрвеня ў яе дома прайшоў ператрус, жанчыну адвезьлі ў СІЗА КДБ на допыт, пасьля чаго пакінулі пад вартай. 15 чэрвеня адбыўся вопіс і арышт маёмасьці ў кватэры, дзе Святлана Купрэева пражывае з 81-гадовай маці Тацянай Гаўрыс.
Падчас арышту супрацоўнікі ДФР пакінулі пастанову, у якой напісана, што арыштаваная Сьвятлана Купрэева падазраецца ва ўхіленьні ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купрэеву пакінулі пад вартай, нягледзячы на паручальніцтва Алексіевіч, Арлова, Законьнікава і ГалубовічаКаманда Сяргея Ціханоўскага
5. Сяргей Ціханоўскі — блогер, кіраўнік штабу Сьвятланы Ціханоўскай, якая вылучаецца ў прэзыдэнты. Спрабаваў стаць прэтэндэнтам у прэзыдэнты сам, але яго не зарэгістравалі. Аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», затрыманы ў Горадні 29 траўня падчас пікету для збору подпісаў за вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай.
Да гэтага на пікеце зьявіліся жанчыны, якія задавалі Сяргею Ціханоўскаму правакацыйныя пытаньні і хапалі яго за адзеньне. Пасьля падышлі міліцыянты, але прысутныя не падпускалі іх да блогера. У нейкі момант адзін зь міліцыянтаў упаў на зямлю. Пасьля гэтага супрацоўнікі АМАПу брутальна затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго паплечнікаў.
8 чэрвеня Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. З 13 чэрвеня Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў карцары СІЗА-1.
6. Зьміцер Фурманаў — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Затрыманы падчас выбарчага пікету ў Горадні 29 траўня пры зборы подпісаў. Яму прадʼявілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу.
7. Вяргілій Ушак — апэратар, які здымаў пікет для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Затрыманы ў той жа дзень. Абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу. Па словах ягонай нявесты Надзеі, Вяргілій ня быў раней ні з кім знаёмы ні з каманды «Страна для жизни», ні з ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.
8. Аляксандар Арановіч — сябра каманды YouTube-каналу «Страна для жизни», кіроўца аўтадома, 37 гадоў, жыў у горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласьці. Затрыманы падчас пікету для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Прадʼяўлены абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу.
9. Арцём Сакаў — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Знаходзіўся на пікеце для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Затрымалі 31 траўня. Выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу.
10. Васіль Баброўскі — гарадзенец, затрыманы падчас пікету для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу.
11. Уладзімер Навумік. Быў на пікеце для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Затрымалі 29 траўня на Савецкай плошчы. Выстаўленыя абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я выйду іншым чалавекам». Затрыманы ў «справе Ціханоўскага» напісаў жонцы, у якой маглі забраць дзіця12. Андрэй Новікаў — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, валянтэр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнавалі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Спачатку яго адвезьлі ў Паставы, каб скласьці пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, а затым стала вядома, што яго перавезьлі ў Менск у ІЧУ на вул. Акрэсьціна, а пасьля ў СІЗА-1. 12 чэрвеня яму прадʼявілі абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу.
Блогеры
13. Сяргей Пятрухін — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, блогер. Актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Яго падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
14. Уладзімер Няронскі — слуцкі блогер, яго таксама падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (гаворка пра пікет 29 траўня ў Горадні). Таксама на яго завялі справу за абразу прадстаўніка ўлады.
15. Аляксандар Кабанаў — блогер зь Бярозы, актыўны ўдзельнік пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Фігурант справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
16. Уладзімер Цыгановіч — блогер зь Менску, аўтар Youtube-каналу MozgON. Яго таксама падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
17. Зьміцер Казлоў — блогер па мянушцы Шэры кот з Воршы. Па выніку пратэстаў супраць інтэграцыі ў сьнежні атрымаў рэкордную колькасьць сутак. Ён таксама стаў фігурантам справы аб падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
18. Ігар Лосік — блогер, аўтар каналу «Беларусь головного мозга», пазаштатны кансультант Радыё Свабода, яго таксама падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Палітыкі
19. Мікола Статкевіч — палітык, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Яго таксама вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Актывісты
20. Іван Комар — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12.02.2020 судом Савецкага раёну Менску на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд па апэляцыйнай скарзе зьменшыў тэрмін Івану Комару да 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
22. Мікіта Емяльянаў — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12.02.2020 судом Савецкага раёну г. Менску на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд па апэляцыйнай скарзе зьменшыў тэрмін Мікіту Емяльянаву да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
29 траўня пераведзены на строгі рэжым турэмнага ўтрыманьня, а 9 чэрвеня этапаваны ў Магілёўскую турму № 4.
23. Міхаіл Жамчужны — грамадзкі актывіст, асуджаны 10.07.2015 г. судом Віцебскай вобласьці на 6,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: справа супраць блогера Лосіка палітычна матываваная ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На блогера Ігара Лосіка завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На блогера MozgOn завялі крымінальную справу. За што, невядома
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.